Прыз імя Ўладзіміра Каткоўскага

April 14th, 2008

Увесну 2006 г., неўзабаве перад аварыяй, Rydel23 атрымаў гран-пры ў конкурсе кантэнт-праектаў на tut.by, і быў вельмі ўсьцешаны гэтым. Хаця нажаль ён нават не пасьпеў патрымаць у руках прызы і ганаровыя граматы…
Сям’я Ўладзіміра вырашыла ў межах штогадовага конкурсу кантэнт-праекту tut.by у гонар і ў памяць заснаваць прыз імя Уладзіміра Каткоўскага. Калі мы абіралі лаўрэтата прэміі, мы проста паспрабавалі глянуць на ўдзельнікаў конкурсу вачыма Rydel’я, і абраць менавіта тое, што яму б спадабался. Спадзяемся, мы не памыліліся. Сёлета прыз быў уручаны гарадзенскаму парталу Твой стыль.
Прэмію ўручаў бацька Уладзіміра, Леанід, які зьвярнуўся да ўсіх прысутных, а таксама, карыстаючыся магчымасьцю, і да ўсіх чытачоў блога з просьбай зьвярнуцца тых, хто хацеў бы і мог дапамагчы працягнуць ўладзіны інтэрнэт-праекты, найперш http://www.pravapis.org/ і www.martyraloh.org . Дзякуй усім, хто быў і есьць з намі!
Сям’я Ўладзіміра.

Яшчэ спасылкі па тэме:
на tut.by
на радыё свабода
у Нашай Ніве
відэа з itv.by
на Тваім стылі

Пасол Беларусі ў кібэрпрасторы

June 2nd, 2007

Уладзя быў адным зь першых беларусаў, які ўвайшоў у сусьветнае сеціва – яшчэ на пачатку 90-х, яшчэ падлеткам…..more….

Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім на “Свабодзе”

May 31st, 2007

Сёньня на Радыё Свабода адбылася жалобная цырымонія разьвітаньня з нашым калегам Уладзімерам Каткоўскім…

May 30th, 2007

Дарагія сябры!

Усе, хто ведаў Уладзіміра Каткоўскага асабіста або праз сеціва, могуць прыйсьці разьвітацца зь ім у суботу, 2-га чэрвеня, да 15-00 гадзін па адрасе: г.Менск, вул.Шаранговіча, д. 52 кв.161. А 15-ай гадзіне жалобная працэсія накіруецца на могілкі Пятроўшчына (скрыжаваньне вул.Чыгуначнай і пр.Дзяржынскага), дзе адбудзецца пахаваньне.

Дзякуем.

Сям’я Уладзіміра.

Mогілкі Пятроўшчына

May 26th, 2007

Дарагiя сябры, сянняшнi дзень найсамотны i тyжлiвы y нашым жыццi. Ўвечары, y Празе пасля доўгага змагання пайшоў з жыцця Ўладзiмiр. Мы ўпэўнены, што ягоным жаданнем заўжды было вяртанне y роднyю Беларyсь. Ён бyдзе пахаваны y Менскў на настyпным тыднi. Наша сyцяшэнне y тым, што шмат людзей перажывалi за яго i дyмкамi разам з намi y гэты момант. Мы шчаслiвыя, што ён быў з намi!

Сямья Ўладзiмiра.
* Uladzimir Katkouski

Акулін зуб

June 12th, 2006

А вось і зубчык той дагістарычнай акулы:

Калі верыць прадаўцу з Нацыянальнага музэю, гэты вялікі і ўсё яшчэ войстры зуб належаў вымерлай акуле Otodus obliquus, якая зьяўлялася прапрабабкай мэгаладона, адной з найранейшых селядцовых акул (mackerel sharks). Яны дамінавалі акіян 50-55 мільёнаў гадоў таму. Цяпер выкапні зь іхнымі зубамі знаходзяць у Атласных гарах у Марока.

Маленькі зуб нібыта належаў вымерлай пясчанай акуле Odontaspis substriata.

Лукаш і Беларусь

June 11th, 2006

Учора пазнаёміўся з Лукашам, маладым чэскім рэжысэрам, які ўжо шэсьць гадоў працуе над сваім першым фільмам — манумэнтальнай дакумэнтальнай стужкай пра лёс габрэяў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы па сканчэньні Другой сусьветнай вайны. Цягам сваіх 6-гадовых паездак ён двойчы пабываў і ў Беларусі, у Менску. Учора ўвечары мы сядзелі ў “Мэдузе”, і ён расказаў некалькі гісторыі пра свае беларускія прыгоды: пра свае мучэньні з амбасадай і візай, пра агентаў КГБ і і іхны ідыятызм, пра сваю асабістую сустрэчу з шэфам КГБ Ерыным (!), пра праблемы і кур’ёзы ў Чэскай амбасадзе ў Менску, пра дзіўных супрацоўнікаў Музэй айчыннай вайны, пра страшэнныя праблемы з вывазам адзьнятага відэаматэрыялу за межы Беларусі й мэтады абыходу гэтых праблем… У мяне скалалася ўражаньне, што пра ягоную працу ў Беларусі можна зрабіць яшчэ адзін паўнамэтражны дакумэнтальны фільм у дадатак да асноўнага feature film.

Бедненькі фармат VBS

June 11th, 2006

Пару дзён таму па працы напісаў нейкі вельмі просьценкі скрыпцік у VBS (Visual Basic Script), які мусіў аблегчыць адзін мэханічны аспэкт апрацоўкі файлаў перад публікацыяй. Нашрайбаў я яго ў хаце і хацеў быў пераслаць на працу, але нечакана сутыкнуўся зь цяжкасьцямі.

Ясна, што VBS лічыцца вельмі небясьпечным тыпам файлу, бо паштовыя вірусы вельмі часта пашыраюцца менавіта праз файлы тыпу VBS. Але аказваецца, што блякаваньне VBS адбываецца настолькі строга, што я проста ня здолеў абысьці фільтрацыю паштовых сэрвакоў.

Вось вынік экспэрымэнту (я пасылаў файл са сваіх скрынак на Yahoo i Gmail на свой працоўны адрас):

• з GMail (прычэплены сам vbs) — не прайшоў
• з Yahoo (прычэплены сам vbs) — не прайшоў (зрэшты, я быў упэўнены, што і ня пройдзе)

• з GMail (прычэплены zip, у які зазіпаваны vbs) — не прайшоў
• з Yahoo (прычэплены zip, у які зазіпаваны vbs) — не прайшоў (я трошачкі зьдзівіўся)

• з GMail (прычэплены zip, у які зазіпаваны vbs, але яго пашырэньне зьменена на txt) — не прайшоў
• з Yahoo (прычэплены zip, у які зазіпаваны vbs, але яго пашырэньне зьменена на txt) — не прайшоў (я зьдзівіўся трошкі больш)

• Gmail (радкі коду проста як тэкст у целе імэйла) — не прайшоў
• Yahoo (радкі коду проста як тэкст у целе імэйла) — не прайшоў (вось тут я ўжо сапраўды зьдзівіўся — гэта-ж звычайны тэкст!).

Прыйшлося перакідваць гэты шматпакутны файл VBS праз FTP. Але застаецца пытаньне: цяперака файлы VBS паслаць праз пошту зусім немагчыма ці як?

Зубы акулы, Кранах і Рубэнс

June 11th, 2006

У сыботу езьдзілі ў файны замак Лобкавіцаў (Lobkowicz) пад Прагай, пабачылі жыўцом рэдкія палотны Рубэнса, Кранаха, Брэйгеля і гішпанцаў 16-га стагодзьдзя з прыватнай калекцыі Лобкавіца. Замак і старыя карціны уразілі мяне да самай глыбіні. Неверагодна проста. Сяньня залез у Інтэрнэт і пабачыў, якія баталіі адбываліся ў беларускай благасфэры ў гэтую сыботу. Які гоман з-за драбнотаў. Тым часам я купіў два зубы дзьвюх розных відаў акул, якім 50 мільёнаў гадоў і якія былі знойдзены на раскопках у Марока. Абодва зубы знаходзяцца на адным кавалку выкапня. Паставіў на паліцу побач з трылябітамі, лёг на падлогу, выпрастаўся, паспрабаваў візуальна ўявіць у прапорцыі, што такое 50 мільёнаў гадоў на лінейцы чалавечага веку.


Lucas Cranach (1472-1553). Nelahozeves
Wer unter euch ohne Sünde ist, werfe den ersten Stein
(WER • VNTER • EVCH• ONE• SVNDE• IST • DER• WERFFE• DEN• EHRSTEN• STEIN• AVF•SIE.IO.VIII.)

БелаРусаФобства?

June 3rd, 2006

Мяркуючы па колькасьці згадак гэтага артыкулу ў блоґах, фраґмэнт фатаздымку вядомага беларускага фатографа Сяргея Плыткевіча з папярэдняга фэсту нацыянальных культур у Горадні выклікаў вялікі рэзананс у беларускай блаґасфэры:

Арыґінал можна знайсьці на сайце photosight.ru (тут), але там чамусьці загружаецца толькі фраґмэнт здымку. Мо’ пакрыўджаная нацменшасьць папсавала крамольны джыпэґ? :))

Але да клясычнага беларусафобства вялікага расейскага паэта Някрасава, якое ён прадэманстраваў у 1864 годзе, Сяргею Плыткевічу яшчэ вельмі і вельмі далёка:

Стыдно робеть, закрываться перчаткою,
Ты уж не маленький!.. Волосом рус,
Видишь, стоит, изможден лихорадкою,
Высокорослый больной белорус:

Губы бескровные, веки упавшие,
Язвы на тощих руках,
Вечно в воде по колено стоявшие
Ноги опухли; колтун в волосах.

Хаця зь Някрасавым ня ўсё адназначна. Можна зразумець гэтыя радкі і зусім наадварот: жылі былі вольныя ліцьвіны, а потым іх праз крывавыя войны захапіла Масковія (Расейская імпэрыя) і вось што зь імі зрабіла.