red-green
Current music: онлайнавае радыё на usopen.org.
Я толькі зараз зразумеў, што ёсьць адзін істотны дадатковы фактар, які радуе мяне ў перамогах Макса Мірнага — гэта адсутнасьць чырвона-зялёнага (калі ня браць пад увагу матчы кубка Дэвіса пару разоў на год). Што мяне трохі раздражняе ў перамогах іншых, дык гэта тыя самыя чырвона-зялёныя арнамэнты.

Belarus’ team members (L-R) Aliaksei Abalmasau, Raman Piatrushenka, Dziamiyn [Dziamyan?] Turchyn and Vadzim Makhneu celebrate their victory in the men’s K4, 500 metres race during the flat water Canoe and Kayak World Championship in Zagreb on August 28, 2005. REUTERS/Laszlo Balogh
Вось перамаглі нашы на чэмпіянаце сьвету ў харвацкім Заграбе, абышлі ўсіх нашы волаты. Але я заўважыў, што на падсьвядомым узроўні гэтыя чырвона-зялёныя колеры перашкаджаюць мне радавацца перамозе. Чаму? Бо гэтыя колеры асацыююцца ў мяне выключна з БССР і саўком. Самая першая асацыяцыя — змрочная піянэрская “комната” ў сярэдняй школе, з масіўным бюстам Леніна, сярпом і молатам ды гэтым сьцягам БССР. Гэта было самае вусьцішнае месца ў СШ, у якое я трапляў, толькі зрабіўшы нешта “кепскае” (напрыклад, пасьля зьнішчэньня піянэрскага гальштука), і дзе піянэрважатая займалася ідэалягічнай апрацоўкай такіх “кепскіх” піянэраў як я.
Другая асацыяцыя — гэта нямецкая чырвона-зялёная кааліцыя Герхарда Шрэдэра і Ёшкі Фішэра (якая, будзем спадзявацца, хутка прайграе). Гэтыя белагаляндцы таксама не выклікаюць у мяне ніякіх станоўчых эмоцый. Скажу адкрыта, яны нават выклікаюць у мяне антыпатыю. Не ў апошнюю чаргу гэта зьвязана і з тым, што чырвона-зялёныя рабілі (і НЕ рабілі) ў беларускім кірунку.
Прычына раздражненьня, я думаю, у тым, што ў маіх уяўленьнях непрыязнасьць да ідэалёгіі БССР моцна зьнітаваная з непрыязнасьцю да ўласна колераў (якія нічога кепскага самі па сабе не зрабілі: такія-ж колеры ёсьць у вугорцаў і партугальцаў, напрыклад). Але сувязь вельмі моцная, падсьвядомая. Як з тым яблыкам…
…Калі я быў зусім малым, тата павёў мяне ў кінатэатар “Саўрыменьнік” на дзіцячы сэанс. Які то быў фільм, я ўжо і не памятаю. Можа “пра Чапаева”, а можа якісь “Паласаты рэйс”. Дзея на экране цалкам сьцёрлася з памяці. Запомнілася толькі тое, што адбывалася ў залі. Побач з намі сеў нейкі ў дошку п’яны хабёл, ад якога пахла гарэлкай (а можа нават “трайным” адэкалёнам). Праз пэўны час яго страўнік ня вытрываў атруты, і ён званітаваў акурат на сядзеньне побач з намі. І сышоў. А мы засталіся. Памятаю, нам не было месца, куды перасесьці (тата, табе шкада было патрачаных на квіткі грошай, чаму мы таксама не сыйшлі?). Каб я не пакутаваў ад смуроду, тату прыйшла ў галаву “геніяльная” ідэя - даць мне яблык. І вось я давіўся тым чырвона-зялёным яблыкам, і ўдыхаў міязмы ад ванітаў на суседнім сядзеньні.
Пасьля таго здарэньня я болей ня мог ёсьць той гатунак чырвона-зялёных яблык. Мне здавалася (ды яшчэ як! вось жа сіла падсьвядомай асацыяцыі!), што яны ўсе сьмярдзяць ванітамі. Толькі гадоў празь дзесяць-дванаццаць, калі я вырас, сьцерлася тая асацыяцыя паміж блявоцінай і гэным сортам яблык. А можа і ня сьцерлася, а мне проста перасталі трапляцца яблыкі таго сорту. Вось жа якую страшэнную моц маюць нашыя падсьвядомыя асацыяцыі й раздражненьні.
Але гэтае раздражненьне колерам мяне таксама раздражняе. Рэакцыя на колер — гэта прымітыўнасьць на ўзроўні гішпанскага быка. І мяне яшчэ болей раздражняе тое, што я ня ведаю, як пазбавіцца ад раздражненьня, што мяне раздражняюць чырвона-зялёныя колеры нашых пераможных спартоўцаў.
Зрэшты, я не аматар зьнешніх сымбаляў. Кагадзе зьбіраўся паехаць на футбольную гульню, думаў узяць бел-чырвона-белы сьцяг, але дома ў мяне не аказалася ніводнага сьцяга, нават дробненькага якога сьцяжочка… І значкоў “Пагоні” ў мяне таксама няма. І не было ніколі (ну можа былі, але гэта не зарэгістравалася ў памяці, не пакінула адбітку на маёй сьвядомасьці). Бо для мяне важнейшы ўнутраны зьмест.
Але ствараць сваю візуальную прастору варта (толькі няхай гэтым займаюцца тыя, хто ўмеюць гэта рабіць). А калі вашай візуальнай гармоніі адпавядае бел-чырвона-белы арнамэнт, выява вершніка Пагоні, ліцьвінскі сымбаль Калюмны, то пашырайце іх у сваім навакольлі. Пасылайце свой візуальны мэсыдж. Гэта банальна, але гэта працуе: успомнім прыклад амэрыканцаў, зь іхнымі налепкамі, цішоткамі, магнітамі для лядоўні, кубкамі для кавы, плякатамі, сьцягамі. It works.

September 2nd, 2005 at 6:50 am
Па-першае, сардэчна табе вітаю, Уладзь! Толькі шкада, што не адразу даведаўся пра твой новы блог. Нашыя ж усе маўчаць, як партызаны! :)
*Рэакцыя на колер — гэта прымітыўнасьць на ўзроўні гішпанскага быка*
Ня так ужо прымітыўна. Наколькі ведаю, чырвоны з зялёным з’яўляецца адным з самых няўдалых колеравых спалучэньняў.
Яшчэ недзе чытаў, што спалучэньне чырвонага, які узбуджае псыхіку, і зялёнага, каторы супакойвае яе, выклікае падсьвядомую пярэчаньне і агрэсію.
У той жа час спалучэньне белага, унівэрсальнага колеру з любым іншым, цалкам гарманічна.
Да таго, зноў жа такі падсьвядома, мы ўспрымаем “як сваё, роднае” спалучэньне белага з чырвоным таму, што яно асьвечана хрысьціянскай культурай, падмуркам нашай эўрапейскасьці (у процівагу азіяцкасьці ). Гэтыя колеры - сымбаль перамогі Хрыста над сьмерцю, і ягонага зьмёртвыхпаўстаньня.
Нездарма Ен, уваскрослы, паўсюль выяўляецца з белай харугвай, на якой - чырвоны крыж. Таму, напэўна, эўрапейскія дзяржавы, якія прынялі хрысьціянства раней за іншыя, маюць сьцягі гэткіх колераў.
September 2nd, 2005 at 8:45 pm
vitaju!
мяне ч-з сымболіка не раздражняе тады, калі адчуваецца, што чалавек шчыра яе выкарыстоўвае як патрыёт Беларусі. Я калісьці ў сваім блогу гэтую тэму закранаў
September 3rd, 2005 at 12:13 pm
Трэба, каб уся дзяржаўная прапаганда цьвёрда перайшла на “нацыянальныя”, як яны іх называюць, колеры - можна нават акцыю з гэтай нагоды якую сьцёбную правесьці!
А то, блін, пішуць чырвоным па-беламу, ці белым па чырвонаму на ўлётках, плякатах, транспарантах…
Вось няхай паспрабуюць пісаць зялёным па чырвонаму! А народ няхай паспрабуе прачытаць :))