Tom Stoppard in Minsk

У Менск на гэтым тыдні прыяжджаў леґендарны сусьветна вядомы драматург Том Стопард. Цікава было назіраць за пашырэньнем інфармацыі (я нават на пачатку падумаў, што гэта жарт-флэшмоб). Спачатку, у адным беларускім блоґу зьявіўся допіс тыпу: “Далібог, не падманваю, толькі што бачыў Тома Стопарда ў бары London!” Потым падобны допіс — у іншага блоґера. Пасьля гэтага блоґер Kilgor Trautt у сваім дзёньніку піша, што, маўляў - так, Том Стопард у Менску, і гэта я асабіста запрасіў яго ў Менск. Нарэшце, паведамленьні зьявіліся і ў прэсе. Цытата з артыкулу Алеся Кудрыцкага (пятнічны нумар “Нашай Нівы”):

“Ён выглядаў так, як і мусіць выглядаць клясык сучаснасьці, які не згубіў дэмакратызму, нягледзячы на тое, што бачыў свае пастаноўкі на найлепшых сцэнах сьвету, а на палічцы ў ягоным доме стаіць залаты «Оскар». Сусьветна вядомы драматург Том Стопард зладзіў у сталіцы майстар-клясу. Апрануты ў блакітныя джынсы ды нябеснага колеру кашулю Том Стопард сядзеў за сталом у адным са сталічных клюбаў перад некалькімі тузінамі зацікаўленых вачэй. Акторкі, якія толькі што адыгралі п’есу «Псыхоз 4.48», таксама паселі на зэдлікі ды прыціхлі, пацягваючы глінтвэйн. Трымаючы цыгарэту левай рукой, брытанскі драматург выпускаў дым у столь, устрэсваючы ўскалмачанымі валасамі зь сівізной. “

І пра моўную сытуацыю:

“Том Стопард пытаўся ў тутэйшых драматургаў, на якой мове яны пішуць — на беларускай ці на расейскай. Ён быў зьдзіўлены, калі даведаўся, што на конкурс «Свабоднага тэатру» прыйшла 231 п’еса, і толькі 4 зь іх — па-беларуску. Праўда, праблему ён бачыць ня столькі ў выбары мовы, колькі ў інтэрпрэтацыі арыгіналу. «Я думаю, калі сцэнарыст піша на абедзьвюх мовах, гэта нармалёва. Напрыклад, Сэмюэль Бэкет пісаў па-ангельску і па-француску ды сам рабіў пераклад. Няма праблемаў. Але паверце, калі я пішу па-ангельску, а хтосьці перакладае п’есу на нямецкую, францускую ці на любую іншую мову, я адразу адчуваю, што тут нешта ня тое. Мне здаецца, што пераклад — амаль што немагчымая справа. Я цікаўлюся моўнай сытуацыяй, бо не разумею, на якой мове тут размаўляюць. Бо ў 1990-м беларускую мову зрабілі афіцыйнай, а цяпер усё памянялася назад. Для мяне гэта загадка. Але гэта проста фантастыка, што я змог сюды прыехаць. Спадзяюся, завітаю ў Беларусь яшчэ раз». “

У мяне, шчыра кажучы, з часоў сярэдняй школы разьвілася стойкая непрыязнасьць да драматурґіі (адзінай п’есай, якую я дачытаў да канца за ўвесь курс школьнай праґрамы, была “Пінская шляхта” Дуніна-Марцінкевіча). І скончыўшы школу, актыўна пазьбягаў п’есаў. Пазьбягаць мне іх удавалася досыць пасьпяхова, гадоў сем-восем. Недзе да 2000 году, калі мая будучая жонка актыўна падсунула, літаральна ўсучыла, мне п’есу Стопарда «Разэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя». Я пачаў чытаць яе, чакаючы на авіярэйс з Сафіі ў Вену, і дачытаў ужо ў венскім аэрапорце, чакаючы на наступны рэйс Ведзень-Менск. Тады я ўпершыню зразумеў, што нават для мяне (зусім глухога да гэтага тэатральнага жанру чалавека) ёсьць рэчы ў драматурґіі, якія выклікаюць цудоўны і моцны эмацыйны водгук.

Між іншым, Том Стопард нарадзіўся ў Чэхіі, сапраўднае імя — Томаш Штраўсьлер.

2 Responses to “Tom Stoppard in Minsk”

  1. Administrator Says:

    ЗЫ. А вось у дадатак да “Нашаніўскага” артыкулу, на naviny.by яшчэ адзін артыкул пра “сакрэтны” візыт:
    * http://www.naviny.by/ru/content/rubriki/0-ya_gruppa/tema/03-09-05-1/

  2. volja Says:

    >Мне здаецца, што пераклад — амаль што немагчымая справа.

    Тут я зь ім згодная, усё даволі складана перакласьці дух твора, сэнс перадаць, змест можна, а вось нейкія іншыя адчуванні складана. Напэўна таму пасля перакладу твора хочацца прачытаць у арыгінале.

Leave a Reply