Multimedia, Cambridge && Mir Castle
Мой юніёрскі (перадапошні) і сэньёрскі (апошні) гады навучаньня ва ўнівэры былі адзначаныя тым, што ў мяне выкладаў адразу тры ці чатыры кампутаровыя курсы адзін і той-жа брытанскі прафэсар Джон Ґалетлі.
Сярод гэтых курсаў быў адзін вельмі цікавы і ня надта “навукаёмісты” CS485 Multimedia, на якім мы проста знаёміліся і гуляліся на пачатковым узроўні з PowerPoint, Photoshop, HTML і Flash, VRML, Corel Draw, 3D Studio Max, SoundForge. Сапраўдная мара для перагружанага студэнта інфарматыкі.
Вялізны плюс гэтага прадмета палягаў яшчэ і ў тым, што мы, студэнты CS485, атрымвалі неабмежаваны доступ да мультымэдыйнай лябараторыі. Кожнаму з нас даваўся ключ да лабы, і ў нас зьявіліся сэмі-пэрсанальныя кампутары, прычым вельмі добрыя на той час. На сваім сэмі-пэрсанальным я паставіў шпалеры зь вялізнай фоткай Мірскага замку — паўднёва-заходняй вежы. Аднойчы прафэсар Ґалетлі, праходзячы міма майго компа, спытаўся:
— Гэта Кэмбрыдж?
— No, sir, it’s Mir castle in Belarus.
— Выглядае рыхтык як Кэмбрыдж.
Камплімэнт Радзівілам ад брытанскага джэнтэльмэна? Аднак адразу зьявілася думка: ці гэта праўда, і ці ёсьць там нешта падобнае? Шукаючы на сайце з фоткамі Кэмбрыджа (cambridge2000.com), пакуль нічога падобнага да Міру не знайшоў, але-ж тым тысячы прыгожых здымкаў, а я праглядзеў мо якую сотню. Бальшыня зь іх, па праўдзе, хоць і ўражваюць сваёй прыгажосьцю і духам даўніны, але ані каліўца не нагадваюць Мір. Ну хіба толькі вось гэтая невялікая вежа на Pembroke College Red Buildings сваёй формай і колерам напамінае паўднёва-заходнюю вежу Мірскага замку.

September 8th, 2005 at 8:30 pm
Ніякі то не камплімент, і не сапраўднасьць таксама - бывае людзь з балды вякне нейкую лухтавіну.
September 9th, 2005 at 12:18 am
Лязо Акама: а можа ён разьбіраўся ў архітэктуры настолькі-ж, наколькі ў праграмаваньні. ;)