Іх Мроя. Іх N.R.M.

ISBN 985-14-1115-9
Сёньня прачытаў кнігу Віктара Дзятліковіча “Іх Мроя. Іх N.R.M.”, якую мне падорыў А.К., калі яны з Л. кагадзе прыяжджалі ў госьці. (Дзякуй за цудоўны падарунак.)
Яшчэ раз віншую Віктара зь ягонай першай кнігай. Дужа спадзяюся, што не апошняя. Кніга мне надзвычай спадабалася, і прызнаюся нават, што яна значна пераўзышла мае чаканьні. Не спраўдзілася беларуская прымаўка “першы блін — сабаку” (гэта, фактычна, першая беларускамоўная кніга ў такім жанры як гісторыя рок-ґрупы, і гэты першы блін выйшаў досыць смачным). Паўнавартасную рэцэнзію цяпер пісаць няма натхненьня, але ў стылі бізнэс-прэзэнтацыі a la Powerpoint коратка хацеў-бы адзначыць плюсы і мінусы (імхо):
Плюсы
- Кніга чытаецца вельмі-вельмі лёгка. Стыль, мова і спосаб арґанізацыі матэрыялу спрыяюць вельмі хуткаму і прыемнаму чытаньню. У адрозьненьне ад многіх іншых беларускамоўных кніжак, гэтую сапраўды можна назваць ангельскім словам page-turner (”старонка-гартальнік” — кніга, разгарнуўшы якую, ня можаш адкласьці пакуль не дачытаеш да канца).
- Добрая арґанізацыя матэрыялу. Гэта датычыць як макраарґанізацыі (храналяґічная, зь некалькімі скачкамі уперад-назад, калі гэтага патрабуе наратыў), так і мікраарґанізацыі асобных эпізодаў. Напрыклад, вельмі часта ўжывалася такая структура аповеду: кароткае апісаньне падзеі/здарэньня, камэнтар-успамін Лявона, камэнтары-ўспаміны іншых удзельнікаў (часам цалкам супрацьлеглыя і вельмі дасьціпныя), цытаты з прэсы (”Наша Ніва”, “Музыкальная газета”).
- Кніга дае ўяўленьне пра цэлую эпоху ў нашым краі. Гэта-ж фантастычна напоўнены падзеямі зрэз часу — гісторыя незалежнай Беларусі, праз прызму гісторыі “Мроі”-N.R.M. І, зразумела, гэты зрэз часу прадстаўлены ў кнізе з нашага гледзішча, “па-нашаму”.
- Усе тэксты N.R.M. сабраныя разам (сс.230-314).
- Высокая якасьць друку — прыстойная папера і тыпаґрафіка, цьвёрдая вокладка, цудоўная ўстаўка з архіўнымі фатаґрафіямі. (Кніга выйшла ў выдавецтве “Сучасны літаратар”.)
Мінусы
- На маю думку, кніга патрабавала-б лепшага карэктара і моўнага рэдактара. Ачыпятак і памылак магло-б быць і меней. (Але, канечне, мая цяперашняя праца накладае адбітак на мой спосаб чытаньня і ўзровень патрабавальнасьці да “чысьціні мовы”).
- Разьдзел 14 (”Галімая папса”. Дыскусія ў прэсе), на маю думку, лішні й недарэчны. Кніга нічога-б не страціла, калі-б яго выдалілі. Віктар чамусьці палічыў, што гэтую дыскусію варта прывесьці цалкам. Для мяне ў гэтым расейскамоўным газэтным “флэйме” не было нічога цікавага (і нічога новага).
- Ну і, хіба, самае галоўнае расчараваньне: кніга канчаецца на 2000 годзе. У пасьляслоўі Віктар тлумачыць чаму так, і не выключае магчымасьці працягу. Так што, у пэўным сэнсе, гэты мінус можна разглядаць як ф’ючарс і патэнцыйны плюс: надзею на другі том.
Гл. таксама
• Віктар Дзятліковіч сыстэматызаваў гісторыю “N.R.M.”

September 17th, 2005 at 11:13 pm
Няўжо я нарэшце залягінілася?
Трэба сказаць, з трэцяга разу атрымалася:)
Зь Дзятліковічам мяне пазнаёмілі на Басовішчы. Акурат апавядаў пра сваю кніжку…
Дзіўна так пазнаёмілі: я проста побач зь ім сядзела доўгі час, падыйшоў наш агульны знаёмы, з абодвума павітаўся і прадставіў…
September 17th, 2005 at 11:19 pm
Jawohl, залагінілася.
Так, Басовішча - добрае месца для разьвіртуалізацыі. ;)