Вялікі кітайскі мур
Нядаўна я палядзеў цудоўны дакумэнтальны фільм “Das Geheimnis der Großen Mauer” (Сакрэт Вялікай сьцяны, па-белагаляндзку) пра Вялікі кітайскі мур. Магчыма, менавіта пад уплывам фільму сяньня пайшоў на абед у кітайскую рэстарацыю “Červené jablko - Čínské bistro”, замовіў сваю ўлюбёную страву і ясьміновы чай.
Але ж фільм мяне сапраўды ўразіў — вось жа гэта маштаб імпэрскай велічы і моцы. Гэта была імпэрыя зь вялікай літары. Амэрыканскія ці расейскія высілкі — гэта проста драбяза і цацкі ў параўнаньні з размахам тагачаснай кітайскай цывілізацыі. Я думаю, калі рабіць паралель зь сёньняшнім часам, дык амэрыканцы павінны зьлятаць на Марс, на Сатурн і ў пояс астэроідаў, каб можна было хіба пачаць іх параўноўваць.
З другога боку, самі па сабе імпэрыі мне зусім несымпатычныя. Піраміды, Вялікі Мур, Беламорканал ды амаль усе іншыя імпэрскія “праекты стагодзьдзя” будаваліся на касьцях простых людзей, якія волей лёсу нарадзіліся ў імпэрскай краіне і паміралі як мурашкі дзеля велічы дзяржавы.
І гэта адна з прычынаў, чаму я так ненавіджу ідэю беларуска-расейскага “саюзу”. Мне хацелася-б, каб Беларусь стала маленькай Швайцарыяй ці Славеніяй, а ня дробнай правінцыяй чужынскай імпэрыі або паслухмяным сатэлітам такой імпэрыі. Але гэта, на сёньня, адно толькі мары.
