Самагубства беларускага пісьменьніка ў Каннах
Важная заўвага ад адміністратара br23.net: “Кажуць, што ў гэтым артыкуле шмат сур’ёзных недакладнасьцяў і неправераных фактаў, але бяру на сябе сьмеласьць надрукаваць яго ў сваім блогу, проста “як ёсьць” у якасьці інфармацыі для роздуму, без пазнакі аўтарства і не называючы імёнаў удзельнікаў інтэрвію.”
Таталітарная драма
27 жніўня 1961 году беларускі савецкі пісьменьнік Усевалад Краўчанка выкінуўся з вакна гатэля і разьбіўся насьмерць у францускім горадзе Кане. Ужо само гэтае паведамленьне гучыць настолькі беспрэцэдэнтна і экзатычна, што абуджае цікаўнасьць. Буржуазны Лазурны бераг францускай Рыўеры з шыкоўнымі курортамі і прэстыжнымі фэстывалямі зусім ня вяжацца з постацьцю галоўнага рэдактара савецкага часопіса “Бярозка”, які прыехаў сюды, каб зьвесьці рахункі з сабою.
Між тым, матывы самагубства да сёньня невядомыя. Афіцыйнага заключэньня кампэтэнтных службаў няма. Домыслаў і здагадак – мноства. Краўчанка міжволі стаў аўтарам аднаго з самых яркіх эпізодаў гісторыі беларускай літаратуры паваеннага часу, напісаўшы гэты эпізод уласным жыцьцём.
Улетку 1961-га ён адправіўся ў круіз па Францыі ў складзе турыстычнае групы. Лішне казаць, што гэта быў зусім не ардынарны круіз, а абсалютнае выключэньне з правілаў Жалезнае Заслоны. Пісьменьнікаў вывозілі паглядзець на буржуазны рай, каб пасьля яны на ўсе лады апісвалі норавы прагнілага капіталізму, тым самым узвышаючы камуністычныя радасьці ўласнага быцьця. Адначасова кожны турыст падвяргаўся татальнай праверцы на лаяльнасьць да савецкае ўлады. Вось жа Краўчанка гэтай праверкі не прайшоў.
Кар’ера Ўсевалада Краўчанкі выглядае на лёс тыповага беларускага пісьменьніка свайго часу. Родам з мазырскага Палесься, член КПСС, праца ў газэтах, рэдактар “Бярозкі”, напісаў шмат кніжак прозы, у тым ліку, для дзяцей. Словам, нішто не паказвала на магчымасьць незвычайнага зыходу. У такіх выпадках адысьці ад безаблічных даведнікавых біяграфіяў дапамагаюць успаміны сучасьнікаў. Згадвае пісьменьнік Y”.
(Y: ) “Я сустракаўся зь ім даволі часта. Я тады, у тыя гады працаваў у “Звяздзе”. І ён час ад часу быў аўтарам, як усе пісьменьнікі больш-менш заўважныя, калі ня з творчага боку, дык па пасадах. А ён быў заўсёды кіруючая фігура, рэдактар нечага. Быў такі жвавы чалавек, вельмі быстры такі ў паводзінах, гаворка такая быстрая была, такія вочы быстрыя таксама, усё ў ім быстрае такое было”.
(X: ) “А вось якім памятае Краўчанку Z”.
(Y: ) “Я яго выдатна ведаў. Напачатку 60-х гадоў я прынёс вершы ў часопіс “Беларусь”. Заходзіць у кабінэт невысокі ростам, нецярплівы, нэрвовы, крыху грэбліва пыхлівы, з быстрымі вачыма мужчына. Знаёмімся – Усевалад Краўчанка. Адразу сказаў, што яму трэба чалавек у рэдакцыю, і я стаў рэдактарам аддзела, вёў прозу, паэзію, спорт, шахматы…”
(Y: ) “Наколькі я памятаю, ён быў абсалютна артадаксальная фігура. Звычайны, так бы мовіць, стопрацэнтны савецкі пісьменьнік таго часу. І ў яго не было, як у многіх з нас у тыя часы, двух рахункаў. Мы дысыдэнтамі не былі, яшчэ да канца многае не было дадумана. Дык вось мне здаецца, ён быў тым чалавекам, які й не спрабаваў нічога дадумваць”.
(Z: ) “Пра такіх, як Усевалад Краўчанка, звычайна кажуць: у крутой вадзе купаны. Загараўся, як куль саломы, і тут жа атухаў, бо натуры быў пяшчотнай, ранімай. Не давала яму, відаць, спакою, што ў яго, галоўнага рэдактара, старэнькая дабітая машына, з клопату пра запчасткі да якой і пачынаўся працоўны дзень, а ў Міколы Гамолкі, намесьніка галоўнага рэдактара, навюткая “Волга”, яшчэ й сядзеньні пакрыты магазынным цэляфанам. Гамолка тады грымеў як фантаст…
Пры Краўчанку якраз я жаніўся. Перад вясельлем на нейкі тыдзень зьнік, заняты празаічнымі клопатамі па падрыхтоўцы вясельля. Выходжу з Валяй з рыбнага магазына, глядзь – шэф. Я за вугал. Крычыць: не хавайся, бачу цябе. Падыходжу – кіпіць. Тлумачу: жаніцца буду. Адразу палагаднеў, сказаў, што прыйдзе на вясельле. І прыйшоў. Яшчэ й цяпер ёсьць у нас прыгожая вазачка пад кветкі, падарунак Усевалада Краўчанкі”.
(Y: ) “Як пісьменьнік, мне здаецца, ён быў, як той казаў, зор зь неба не хапаў. Больш-менш прафэсійна… Канечне, ня трэба быць разумным пасьля, праз столькі гадоў. Але з гледзішча сучасных патрабаваньняў да літаратуры, да пісьменьніка, гэта была жудасная савецкая правінцыя, уся яго проза”.
(X: ) “Пра самагубства Краўчанкі ў канскім гатэлі напісала француская прэса, расказала Радыё Свабода, пару месяцаў давала публікацыі на гэтую тэму беларуская эмігранцкая газэта “Бацькаўшчына”. Адразу гэтае здарэньне падавалася як патрыятычны антысавецкі акт. Маўляў, камуніст Краўчанка паглядзеў на вольнае заходняе жыцьцё, усё зразумеў і вырашыў адрачыся ад той сыстэмы, зь якой прыехаў. А адрачыся па-іншаму не было як. “Сьпі спакойна, верны сыне Беларусі!” – такімі словамі сканчалася самае першае паведамленьне. Зразумела, не маглі беларускія літаратары ў замежжы не закрануць прафэсійнага боку справы. Прычыны самагубства пісьменьніка зусім лягічна шукаць у ягоных творах. І ў “Бацькаўшчыне” друкуеца аналіз апавяданьня Краўчанкі “Зорка Вэнэра”:
“Апавяданьне, на першы пагляд, самае звычайнае, сацрэалістычнае, з шаблённым сюжэтам ды прапагандавымі штампамі. Тым часам, прыгледзеўшыся бліжэй да яго, у ім зашыфраваныя цікавыя, шматзначныя дэталі, якія ў сьвятле трагічнай сьмерці набіраюць сваю сілу й значэньне.
Героем у апавяданьні “Зорка Вэнэра” – беларуская дзяўчына Наташа Лойка, якая любіць свой край, народ і ягоныя песьні. Наташа мроіла пайсьці вучыцца ў мэдыцынскі інстытут. Але заміж у інстытут, яна трапляе на будоўлю Сілевіцкай ДРЭС, дзе адбываюцца падзеі. Цікава, між іншага, што брыгадай, да якой прыдзялілі Наташу, кіруе “непасьпешлівы ў рухах” “мужчына гадоў пад сорак” (саракагодзьдзе ж БССР!) на прозьвішча Лабуда. Пісьменьнік чамусьці не назваў брыгадзіра Саколічам ці Арловічам, а назваў яго Лабудой. Ня дзіва таму, брыгада Лабуды дый цэлае будаўніцтва на сьвежы позірк Наташы зрабіла ўражаньне хаосу і бязладзьдзя: “Наташа не адчувала свайго месца ўва ўсёй гэтай мітусьні”, — гаворыць пра яе пісьменьнік.
На будаўніцтве Наташа Лойка запісваецца сьпяваць у хоры. Кіраўніца хору даручае Наташы запяваць песьню. “Але Наташа, — піша аўтар, — даслухаўшы Алу Міхайлаўну, раптам папрасіла: “Прабачце, Ала Міхалаўна, але я… не адчуваю гэтай песьні, і, шчыра кажучы, ня вельмі яе люблю. Вось калі б вы даручылі мне прасьпяваць “Зорку Вэнэру”. У апавяданьні не сказана гэтага, ды бадай і няма патрэбы, бо той, хто сочыць за рэпэртуарам беларускіх хораў, ведае, што родная песьня ў іх выціснутая далёка на задні плян. Наташа ж папрасіла даць ёй магчымасьць засьпяваць якраз беларускую песьню”.
Апроч аналізу апавяданьня Краўчанкі, “Бацькаўшчына” зьмясьціла адмысловае расьсьледаваньне свайго карэспандэнта, які праехаў па шляху той турыстычнай групы, размаўляў з камісарам паліцыі, сфатаграфаваў будынак гатэля і асобна – вакно, зь якога выкінуўся пісьменьнік. Напрыканцы карэспандэнт абяцаў працягнуць расьсьледаваньне. Урэшце “Бацькаўшчына” надрукавала запавет Краўчанкі. З таго моманту і да сёньня – за гэтыя 44 гады – нічога новага ў справе Канскага самагубства не зьявілася, аднак забытая гісторыя працягвае будзіць уяўленьне і стракаціць неадказанымі пытаньнямі – што ж гэта было?
Y свой уласны адказ на гэтае пытаньне фармуе зь расповедаў, якія чуў ад калег”.
(Y: ) “Калі здарыўся гэты выпадак… Гэта ўсё было ахутана абсалютнай таямніцай. Хадзілі толькі плёткі. Я памятаю, што “Звязда” дала кароценькі нэкралёг памяці Ўсевалада Краўчанкі, прычым напісалі “заўчасна памёр”. Ну, адданы сын, барацьбіт, таварыш…
Тое, што гэта было самагубства, я даведаўся ад чалавека, якога, на жаль, даўно няма на сьвеце. Гэта мастак Валянцін Мікалаевіч Ціхановіч. Ён уваходзіў у гэтую групу. Мала таго, яны былі ў адным нумары. І ў гэтым нумары на вачах Валянціна Мікалаевіча Краўчанка выскачыў, кінуўся ўніз галавой. І вельмі ўзрушаны быў Валянцін Мікалаевіч, ён ня ведаў таксама дакладнай прычыны, ён расказваў толькі, што з раніцы здавалася, нішто не гаварыла пра тое, што гэты чалавек зьбіраецца скончыць з сабою. І яны былі ў адным пакоі, але Валянцін Мікалаевіч выйшаў ці то ў прыбіральню ці ва ўмывальнік. І калі вярнуўся, дык убачыў Краўчанку ўжо на бальконе, які ці то нагу занёс… І ён кінуўся да яго і крыкнуў: “Сева, ты што!” І той, кажа, на мяне паглядзеў, неяк так засьмяяўся, аскаліўся, вышчарыўся і кінуўся…”
(Z: ) “Я працаваў у яго ў часопісе “Бярозка”, у Краўчанкі. Мяне паслалі паведаміць бацькам, што сын загінуў у Парыжы. Я прыехаў, а бацькі ўжо ведалі з так званых варожых галасоў…”
(Y: ) “Але потым хадзілі чуткі, што нібыта ён там сустрэў сваю першую жонку, якая падчас акупацыі засталася на акупаванай тэрыторыі, была тут у Менску пры немцах і ледзьве не супрацоўнічала. І там яна яго адшукала. Ён сам яе не шукаў, гэта яна яго знайшла, так расказвалі. І што ён спалохаўся… Ці то ён у анкетах не пісаў, што жонка засталася пад акупацыяй. Нейкі ён там сьлед заціраў. Так казалі. Ну і што калі пра гэта ўсё даведаюцца, яму – ГУЛАГ, катастрофа ўсяго ягонага жыцьця. І вось ён ад страху… зьбег.
На тыя часы, дарэчы, калі б спэцслужбы засяклі яго сустрэчу з гэтай кабетай, я ня ведаю, ці пасадзілі б яго, можа і не пасадзілі б, але тое, што кар’ера ляснула б, гэта безумоўна.
Той жа Бур’ян, які добра яго ведаў, гаварыў, што я, канечне, ня ведаю, у чым справа, але я ўпэўнены, што ён у чымсьці заблытаўся. У нейкіх анкетных зьвестках”.
(X: ) “Высновы Y і Z падобныя”.
(Z: ) “Цікава было назіраць, як ён ехаў зь пісьменьніцкай дэлегацыяй у Югаславію. У майстэрні саўміну пры ЦК пашылі ўсім аднолькавыя дарагія касьцюмы і габардзінавыя плашчы. Пасьля ён дзяліўся ўражаньнямі ад паездкі і дзівіўся, як гэта на пляжы адпачыванцы адразу пазналі, што яны савецкія. Людзі ў шортах, ва ўсім лёгкім, а яны ў душных касьцюмах і габардзінавых плашчах…
Ён быў дужа такі адкрыты, непасрэдны, гарачы такі. Дужа быў нэрвовы. Яго, канечне, нэрвавала гэтая самая жонка. Маглі выклікаць і намякаць. Вы разумееце?.. Заўсёды ж была анкета запаўнялася, ці ёсьць радня за мяжой… Ён нікому не замінаў. Я думаю, проста быў даведзены… Можа, ён не запоўніў анкету, што першая жонка за мяжой. Можа гэта раптам і ўсплыло, разумееце? Магло быць, што КГБ ня ведала гэтага. Усяго ж яны не адсочаць. І гэта яго ўвесь час, канечне, нэрвавала. Ну, а калі ён сустрэўся… Усё ж было навідавоку, як на тым пляжы… у габардзінавых плашчах”.
(X: ) “22 кастрычніка 1961 году “Бацькаўшчына” перадрукавала з газэты “Франс Суар” запавет Краўчанкі, праўдзівасьць якога была прызнаная францускай паліцыяй:
“Я нічога не зрабіў супраць маёй Бацькаўшчыны. Я сканчаю маё жыцьцё, каб унікнуць несправядлівых абвінавачаньняў і беспатрэбных мукаў.
Я быў справакаваны маімі асабістымі “сябрамі” на некаторыя словы, якія могуць быць інтэрпрэтаваныя ў некаторым сэнсе як варожыя. Гэта мая прастата і мая дурната, але зусім ня тое, што мне хочуць накінуць”.
Слова “сябрамі” Краўчанка дае ў двукосьсях. У спалучэньні са словам “справакаваны” гэта – недвухсэнсоўны намёк на літаратуразнаўцаў у цывільным. Возячы шчырых савецкіх людзей з “краіны галіфэ” па Лазурным беразе блаславёнае Францыі, можна было перадвызначыць рэакцыю захапленьня, тым больш у пісьменьнікаў, языкі якіх хадзілі, як ні круці, вальней. Зразумела, што і апека з боку опэраў у такой сытуацыі была шматкроць павялічаная – слухалася кожнае слова і нават тое, што паміж словаў. Уся дэлегацыя мусіла пачувацца Шцірліцамі, якім належыць усю гэтую буржуазную свабоду бачыць перагорнутай з ног на галаву. Словам, атмасфэра ў дэлегацыі была зваротна прапарцыйная таму, што дэлегацыя бачыла і чула. Кожны мусіў выбраць сабе ролю альбо вернага стукача альбо, калі на тое не дазваляла прыродная чалавечая прыстойнасьць, — патэнцыйнага ворага, які вымушаны апраўдвацца. Трэцяга дадзена не было. І Краўчанка апраўдваўся:
“Я прашу выбачэньня ў маіх калегаў па экскурсіі, якія, магчыма, у дачыненьні да маёй асобы трохі зьбянтэжаныя, ды кіраўніка экскурсіі. Хай мне ўсе прабачаць непрыемны жэст, выкліканы маёй сьмерцю. Але гэта нішто ў абліччы гісторыі. Слабыя людзі любяць жыцьцё, але жыцьцё ня любіць слабых людзей”.
У таталітарным грамадзтве “слабыя людзі”, да якіх залічвае сябе Краўчанка – гэта зусім ня тое, што ў грамадзтве вольным. Сёньня мы назавем слабым чалавека залежнага, які страчвае маральныя прынцыпы і гатовы пайсьці на непрыстойны ўчынак, нават на данос. Вось хто такі слабы чалавек у вольным грамадзтве. У тым жа, зь якога прыехаў Краўчанка, усё наадварот. Уменьне стаць даносчыкам было прыкметаю дужых, героямі краіны прызнаваліся Паўлікі Марозавы, “недонесеніе” было прапісанае ў крымінальным кодэксе. І вось чалавек прыстойны, ня здольны на данос, тут выглядаў слабым, нават ва ўласных вачах.
У запавеце Краўчанка выбачаецца перад жонкай, перад чатырма дзецьмі і перад бацькамі. А сканчае ўсё наступнымі словамі:
“Я прашу маю Радзіму мне верыць ды ня помсьціцца на маёй сям’і, маіх блізкіх, якія ні ў чым не вінаватыя. Гэта ўсё”.
Пасьля трагічнага зыходу ў Кане ў сям’і Краўчанкі ніколі не імкнуліся зрабіць канчатковую выснову – чаму загінуў бацька. Напэўна, з аднаго боку, не хацелі хлусіць, бо надта проста было б прыдумаць легенду пра гібель ад каварнай рукі ў далёкай краіне. А зь іншага боку, калі тут і сапраўды была замяшаная нейкая першая жонка… У нармальнай савецкай, а зрэшты і ў любой традыцыйнай сям’і такія згадкі руйнавалі б аўтарытэт бацькі, а значыць і ўсёй сям’і. Зрэшты, маглі й ня ведаць пра тую першую. І аднойчы не сказаўшы пра гэта, Краўчанка хаваў непрыемны факт свае біяграфіі ўжо праз усё жыцьцё. Хаваў ад усіх – ад сям’і, ад анкет, ад КГБ. Так цягнулася гадамі, пакуль нарэшце, ён канчаткова, кажучы мовай парторгаў, не “заврался”.
Менавіта тут і адкрываецца заслона таталітарнае драмы. Пачынаючы жыцьцё ў новай сям’і, Краўчанка нікому ня кажа пра папярэднюю сувязь, бо гэта траўмавала б усіх і яго самога. Варта пачытаць ягоныя апавяданьні, каб зразумець, наколькі важнай для яго была вернасьць. Словам, пачынаецца новае жыцьцё. Хіба не ўласьціва чалавеку паставіць на нейкім этапе свае біяграфіі кропку і перагарнуць старонку? Тым больш, калі ён нікому не зрабіў шкоды. Але Краўчанка едзе на экскурсію ў Францыю. Ён – “слабы чалавек”, які наіўна верыць, што можа ў сваім жыцьці нешта вырашыць сам і толькі сам. Але паездка ў Парыж аказваецца такой сабе ідэалягічнай флюараграфіяй, дэтэктарам хлусьні, і высьвятляецца, што да ягонае біяграфіі ёсьць справа ня толькі яму, але і ўсім астатнім, прычым яны ў гэтым усім разьбіраюцца, корпаюцца, аналізуюць з такой зацікаўленасьцю, быццам перабіраюць страшныя дзяржаўныя тайны…
Праблема зусім ня ў “першай жонцы”. Калі б яна й была, пра яе ведалі б бацькі Краўчанкі, і пасьля ягонае сьмерці яна непазьбежна стала б гераіняй гэтае драмы альбо пэрсанажам сямейнай тайны, чаго, аднак, не адбылося. Калі б яна й была, дык, ідучы на сустрэчу зь ім, ведала б, што нясе яму пагібель, і гэта хоць неяк адлюстравалася б у запавеце. Але там згадваюцца толькі “некаторыя словы”, а не “некаторыя асобы”. Урэшце, калі б яна й была, пра гэта напісала б “Бацькаўшчына”, якая дэталёва расьсьледавала ўсю гэтую гісторыю.
Так ці інакш, а “першая жонка” стала цяпер ужо легендарным вобразам слабасьці чалавека ў таталітарным грамадзтве. Краўчанка “заврался” – і тут ня важна, пра што. Ён некалькі разоў паўтарае, што не чыніў шкоды нікому, у тым ліку і радзіме. Ён палічыў сябе правамоцным не рабіць штосьці ў сваёй душы прадметам публічнага вывучэньня. А аказалася, што не. Ня мае ён аніякага права ні на што, у тым ліку і на сваю ўласную душу.
Краўчанка напісаў шмат кніг, але галоўным творам сталася ягонае ўласнае жыцьцё. На сёньня ў якасьці найбольш праўдападобных гісторыя пакінула нам менавіта гэтую вэрсію і гэты жанр: таталітарная драма. Няма сумневу, што таямніца Краўчанкі будзе і надалей спакушаць дасьледнікаў. Там больш, многія крыніцы яшчэ не кранутыя, а то й недаступныя. Гэта і архівы францускай паліцыі, гэта і архівы КГБ. Рыгор Z, напрыклад, перакананы, што там знаходзіцца канчатковы вэрдыкт…
Але ёсьць яшчэ кнігі, творчасьць. У нашага героя – лёгкае пяро, празрыстая мова, стройны сюжэт, у якім часта сустракаецца фатальная нотка. Ягоныя пэрсанажы ад гэтага моцна выйграюць і, бадай, не састараваюць. З адлегласьці часу бачыш у гэтых тэкстах не сацрэалізм, а з хрэстаматыйнай акуратнасьцю збудаваныя фабулы. Цяпер так ня пішуць. А яшчэ міжволі гіпнатызуе гэтая канская гісторыя, і перад вачыма паўстае… чорна-белы фармат кіношнага нэарэалізму, афарбаваная ў колеры рэтра постаць Альбэра Камю, які загінуў недалёка адсюль за год перад Краўчанкам. Абоім, дарэчы, было па 46. І вось ужо здаецца, што гэта не сацрэалізм адчужае ад нас колішнія творы, а толькі – час, які аднолькава старыць што францускага экзыстэнцыяліста, што беларускага сацрэаліста. І аднолькава ня старыць тое, над чым ён ня ўладны.

October 26th, 2005 at 7:47 pm
хто такія Х і У?
October 27th, 2005 at 6:01 pm
Два карыфэі сучаснага белліту.
October 27th, 2005 at 6:35 pm
імёны не назавеш?
October 27th, 2005 at 6:52 pm
Лепш я ня буду публічна казаць. Спытайся ў “дзяці Пеці” (альбо я табе на мыла напішу).
October 27th, 2005 at 7:06 pm
напішы