Канфіскацыя “CD”

Зь менскіх крамаў і інтэрнэт-кавярняў сканфіскавалі асобнікі часопісу “Студэнцкая думка”

У сучасным выглядзе выданьне паўстала яшчэ пры канцы 1980-х у асяродку нацыянальна-дэмакратычнай моладзі. Апошнія гады “Студэнцкая думка” выходзіць як каляровы моладзевы часопіс накладам 299 асобнікаў, што не патрабуе рэгістрацыі. Сярод іншага, часопіс бясплатна распаўсюджваўся больш як у дзесяці крамах і інтэрнэт-кавярнях у цэнтры Менску.

Вось сьведчаньне дзяўчыны Вольгі, якая назірала, як канфіскоўвалі асобнікі часопісу:

Вольга: “Я зайшла ў “Трафік”, там сядзелі супрацоўнікі міліцыі. Побач зь імі ляжаў невялікі стос “Студэнцкай думкі”. Я хацела ўзяць два нумары. Адзін малады чалавек падышоў і сказаў, што нельга гэтага рабіць, бо тут усё забіраецца. І пішуцца нейкія пратаколы. Абабегла ўвесь горад, і нідзе нічога не знайшла. І ў “Саюз он-лайн” таксама”.

“Трафік” і “Саюз он-лайн” — гэта крама і інтэрнэт-кавярня ў цэнтры гораду. “Студэнцкую думку” сканфіскавалі і ў краме “Падземка”. Распавядаюць супрацоўнікі крамы:

Супрацоўніца: “Прыйшлі, запыталіся, ці ёсьць “Студэнцкая думка”. Забралі. Склалі нейкую паперу — не пра выманьне, а тлумачэньне ўзялі, адкуль яны ў нас, і сышлі”.

Паводле сьведкаў, двое мужчынаў былі ў міліцэйскай форме, а двое — у цывільным. Пра падставы для такіх дзеяньняў супрацоўнікі “Падземкі” распавядаюць наступнае:

Супрацоўніца: “Я запыталася: маўляў, што за крамола ў гэтым часопісе, за што яго забіраюць? Ніякага тлумачэньня міліцыянт ня даў. Сказаў, што сам ня ведае. Другі кажа, маўляў, там вельмі шкодная фарба выкарыстаная — захварэеце”.

Каб высьветліць абставіны, я затэлефанаваў у Савецкі і Ленінскі райаддзелы міліцыі, на чыёй тэрыторыі месьцяцца крамы “Трафік”, “Падземка” і інтэрнэт-кавярня “Саюз он-лайн”. Паўсюль адказ быў аднолькавы:

Дзяжурны Ленінскага РУУС: “У нас нічога няма”.

Дзяжурны Савецкага РУУС: “У Савецкім РУУС ніякіх матэрыялаў няма. З Савецкага РУУС ніхто нічога не вымаў”.

Рэдакцыя “Студэнцкай думкі” ад камэнтароў пакуль устрымліваецца.

3 Responses to “Канфіскацыя “CD””

  1. maryjka Says:

    Не каляровы!
    Толькі вокладка каляровая, усярэдзіне - шэры глянец:)

  2. Administrator Says:

    Мы бачым колер нават там, дзе яго няма. ;)

  3. Administrator Says:

    Зьявіліся афіцыйныя (?) тлумачэньні рэдакцыі “Студэнцкай думкі” наконт учорашняга. Хаця тлумачэньнем назваць гэта цяжка, як мне здаецца:

    ЧАСОПІС CD / “СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА” ЗАРАЗНЫ?
    гэта падстава!

    “Теперь “Студэнцкая Думка” запрещена,” - с такими словами 15 ноября в модных магазинах и бутиках Минска сотрудники милиции изымали бесплатный (free) молодежный журнал. С сотрудников магазинов, в которых распространялся CD, была взята расписка о том, что они больше не будут распространять этот журнал. Никто не может толком сказать, что произошло”. Такое поўнае трагізму паведамленьне даслалі на электронны адрас CD / “Студэнцкай Думкі” ананімныя зычліўцы. Нам таксама цікава, “в чом дзела”, таму мы вырашылі расставіць акцэнты.

    Напачатку – даведка. CD / “Студэнцкая Думка” – незалежны часопіс, які выдаецца з 1924 году. CD – першы ў Беларусі ўзор “шэрага глянцу”: суб’ектыўнага выданьня для нахабных і разумных маладых людзей 16-25 год. Быў пазбаўлены рэгістрацыі ў 2003-ім годзе і з таго часу выходзіць у рэжыме он-лайн і накладам 299 асобнікаў.

    У 2003 годзе CD / “Студэнцкай Думцы” адмовілі ў перарэгістрацыі, заявіўшы, што колькасьць моладзевых часопісаў у Беларусі і так дастатковая, а CD наогул варта было б падумаць над сваімі паводзінамі. Маўляў, трэба адпавядаць “маральна-этычным нормам беларускай моладзі”, а не пісаць ўсялякую фігню…

    Магчыма, за гэтыя два гады колькасьць моладзевых часопісаў у Беларусі вырасла да нечуваных накладаў і CD на фоне такіх дасягненьняў псавала ўсю маліну. Можа быць, гэтым і можна патлумачыць такую экстраардынарную вылазку ў сьвет людзей у цывільным і ў форме 15 лістапада. Як паведамляюць відавочцы, фанатычна адданыя сваёй справе людзі ў форме і безь яе нават рызыкавалі здароўем, абы сканфіскаваць часопіс, надрукаваны, як яны казалі, “вельмі шкоднай фарбай”.

    Прытрымліваючыся залатога і, як заўжды, эксклюзіўна беларускага правіла “ня больш за 299 асобнікаў”, мы толькі дзіву даемся: што (хто?) ж прымусіла дарослых ахоўнікаў правапарадку бегаць не за менскімі бандзюкамі, а ў пошуках часопіса?..

    Сваім жа чытачам і прыхільнікам нагадваем: для вас CD была і ёсьць free. У інтэрнэт-фармаце, у фармаце оф-лайну – гэта няважна. Тут і так усё зразумела: STAY FREE – і будзе нам шчасьце!

    Рэдактары CD / “Студэнцкай Думкі”:
    Макс Агееў,
    Андрэас Копыс

Leave a Reply