“Наша Ніва”, “Саўбелка” і кіяскёршы

Артыкулы “НН” нарэшце можна сьцягваць і праз RSS-канал. А яшчэ вось такая інфармацыя з сайту “НН”, у сувязі з апошнімі падзеямі:

Першая беларуская газэта “Наша Ніва” выкінутая з падпісных каталёгаў “Белпошты”. Неўзабаве можа быць мусова скасаваная дамова і зь “Белсаюздрукам” (шапікі). Такім чынам рэжым блякуюе распаўсюд нашага друкаванага слова.

Калі вы хочаце гарантавана атрымліваць “Нашу Ніву” дадому, дашліце на электронны адрас nn@promedia.by свае рэквізіты:

1) Прозьвішча, Імя, Імя па бацку;

2) Кантактны тэлефон (не абавязкова, але зручней і надзейней);

3) Паштовы адрас: вуліца, нумар дому, нумар кватэры, паштовы індэкс, населены пункт. Калі ў вас на пад’езьдзе кодавы замок ці дамафон — пазначце код.

Цана альтэрнатыўнай падпіскі Br 5 200 на месяц і Br 31 200 на паўгады.

Для выжываньня “НН” у звыклым аб’ёме з звыклай пэрыядычнасьцю неабходная хаця б тысяча новых падпішчыкаў.

Перадайце гэты тэкст каму толькі можна. Павесьце яго ў сваім інтэрнэт-дзёньніку, адпраўце па электроннай пошце альбо ICQ. Паведамце знаёмым, сябрам, родным. Дапамажыце, дашліце іхныя дадзеныя на nn@promedia.by.

Калі хто меў — забудзьце свае прэтэнзіі да любімай газэты. Гэта момант ісьціны. Ня дзьміцеся і не скарэднічайце, бо заўтра можа быць позна, позна ў шырокім сэнсе. Пакіньце сабе шанц у будучыні лічыць сваё сумленьне чыстым.

Нас не забіць, не спыніць, не стрымаць!

Апошнія два абзацы, як на мой густ, нейкія дужа патэтычныя. Але, магчыма, яны ў Менску лепш ведаюць, наколькі крытычная сытуацыя зь незалежнымі СМІ. Можа яны і маюць рацыю. Я сёньня пачуў інфармацыю, што кіяскёраў “Белсаюздрук” будуць прымушаць выкупаць непрададзеныя нумары “Советской Белоруссии” за свае грошы (!). Сябра апытаў некалькіх кіяскёрш, і яны пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

6 Responses to ““Наша Ніва”, “Саўбелка” і кіяскёршы”

  1. Slaver Says:

    Адзінае папяровае выаньне, якое я чытаў, была “Наша Ніва”. І ўсё роўна буду чытаць! Жыве Беларусь!

  2. Administrator Says:

    Будзеш чытаць, калі яе будуць друкаваць.

  3. balachon Says:

    Можа я зусім перакінуўся ў аптыміста, але ўсё здаецца, што вось-вось “НН” ды інш. газэты зь сьпісу будуць вернуты ў каталёг.

  4. kaciarynka Says:

    Я, апошнія часы, вельмі незадаволена была “НН”, але ўчора адаслала замову на падпіску…:(

  5. Administrator Says:

    Kaciarynka, ahoj! :) Я бацькоў падпісаў на гэтае паўгодзьдзе. А раней яны былі падпісаныя ў 2002 годзе. Дык мама сказала, што ў параўнаньні з 2002 стала заўважна горш (”менш цікава”). І сястра таксама лічыць, што за Дыньком якасьць матэрыялаў увесь час падае.

    Мне самому цяжка ацэньваць, бо я чытаю яе спарадычна. А па-другое, я ня ведаю іх мэтаў і цэлевай аўдыторыі, але мне ўсё ж падаецца, што пасьля прыходу Дынька яны з элітарнай газэты паступова станавіліся больш простай і папсовай, пэўна, дзеля павелічэньня накладу…

    Тым ня менш, гэта “Першая газэты з рысункамі”. Так што змагацца, калі будзе патрэба, я за “НН” гатовы.

  6. antanian Says:

    Дынько рэдагуе газэту ужо цэлую эпоху. І нейкіх прыкметных зьменаў не заўважыў. Нармальным прыпапсоўленым тыднёвікам яна стала станаіцца ад 1996 году. Пасьля пераезду на гістарычную радзіму.

    Мяне пэрсанальна ванітуе ад квазінавукоўца Фядуты і квазіпаэта Някляева. Але астатняе больш-менш кандыцыйна. Новыя аўтары зьяўляюцца. Працэсы ідуць.

    Праблема газэты не ў Дынько, але ў адсутнасьці ў Беларусі газэтнага рынку і рынку аўтараў. І тыя грошы, якія плоцяць у Беларусі за пісаніну, іначай як сьмешнымі не назавеш. За 2 публікацыі аўтар атрымлівае менш, чым падсобнік на віленскай будоўлі _за дзень_.

Leave a Reply