Тэорыя і практыка палётаў у снах

Сэкс і палёты — гэта самае лепшае ў маіх снах. Палёты ў паветры нават лепш за сэкс. І тое, і другое сьніцца мне даволі часта, пару разоў на тыдзень. Шкада, што ў бальшыні выпадкаў гэтыя сны хутка сьціраюцца з памяці (пэўна, такая прырода памяці сноў). Я заўважыў, што калі прачнуўшыся не зрабіць мысьленны канспэкт сну, успомніўшы яго з пачатку да канца ў гэтым прамежкавым стане паміж сном і рэчаіснасьцю, то ён вельмі хутка вылятае з галавы. Для запамінаньня таксама важны павольны працэс прачынаньня, каб не было рэзкага пераходу ад сну да рэальнасьці, каб быў час пракруціць “відэастужку” сну ў галаве, пакуль на маю сьвядомасьць не абрынуўся новы дзень.

Лятаць у сьне — гэта свабода. Звычайна я проста падымаю рукі, пачынаю імі павольна махаць, паветра супраціўляецца ім, нібыта я маю сапраўдныя крылы… і ўзьлятаю. Часам, я лятаю зь лёгкасьцю, нібыта я сам стаў дэльтаплянам або арлом, які вольна лунае ў павертры. А часам прыходзіцца прыкладаць намаганьні, нібы працуючы са штангай у фітнэс-цэнтры. Асабліва часта гэта здараецца, калі я лятаю ў горадзе зь вялікімі шматпавярховікамі. Прыходзіцца махаць крыламі з усіх сіл, каб узьляцець на дах 20-ці або 25-павярховага панэльнага дому. Зрэдчасу спыняюся на даху, каб адпачыць.

На прыродзе звычайна лётаецца вольна. Крылы-рукі рухаюцца нязмушана, з доўгімі паўзамі паміж узмахамі. Вось жа і сёньня я лятаў над нейкім Сафары-паркам, а можа гэта быў вялізны заапарк. Я ляцеў над возерам. Пасярод гэтага возера была маленькая выспа. Я ляцеў высока, і мне здалося, што на выспу выкінуліся дэльфіны, а можа касаткі. Я зьнізіўся, падляцеў бліжэй. Аказался, што гэта марскія львы. Далей памятаю, я прызямліўся недзе на пясчаным пляжы. Здалёк спынілася савецкая электрычка, зь якой пачалі выходзіць дачнікі са стрэльбамі. Што было потым, ня памятаю (хаця раніцай яшчэ памятаў. Здаецца, была нейкая пагоня і перастрэлка.)

Потым быў сон, які скончыўся вельмі дзіўна (амаль што, як lucid dream). Ён быў падобны да lucid dream яшчэ тым, што мне падавалася, што я маю кантроль над асяродкам (хаця важнага элемэнту — усьведамленьне таго, што знаходжуся ў сьне — не было). Мы прыехалі ў іншы горад, у амэрыканскі горад. Я быў зь двума братамі Лукашукамі (такія ў іх былі прозьвішчы ў сьне): адзін вельмі высокі і тонкі, другі зусім маленькі і худзенькі, нераўнуючы школьнік пяціклясьнік. Насамрэч, два хлопцы — мае былыя сябры, і зваць іх зусім не Лукашукі. Адзін зь іх (высокі) вучыўся са мной ва ўнівэрсытэце, а цяпер працуе ня-ведаю-кім у КГБ. А з другім я вучыўся ў школе, і ён стаў кампутарным спэцыялістам і мэнэджэрам у адной менскай IT-фірме.

Ня буду апісваць увесь сон, які ўключаў доўгую і цікавую вандроўку па Нью-Ёрку, бамжападобны гатэль, уцёкі ад паліцэйскага… Але скончылася ўсё тым, што я апынуўся ў ложку са сваёй жонкай (якая выглядала, як незнаёмка, але якую я ўспрымаў як сваю жонку — вельмі часта здараецца такая дваістасьць характараў, калі чалавек у маім сьне выглядае як асоба А, а я ведаю, што насамрэч гэта асоба Б, і ўспрымаю яе выключна як асобу Б). Мы ляжалі на ложку ў кватэры, я абдымаў яе. Я ня мог заснуць і глядзеў у столь, на кандэлябру. Гэта антыкварная кандэлябра маёй прабабкі зь Ніжняга Ноўгараду яшчэ вісіць у нашай менскай кватэры.

На ёй вісіць залаты гадзіньнік, акурат як той дарагі Rolex зь фільму, які я глядзеў уначы. Раптоўна я заўважаю, што гадзіньнік пачынае рухацца: вагацца туды-сюды. Становіцца страшна: валасы дыбам; грукат сэрца ў скронях. І тут пачынаецца землятрус. Кандэлябра адлятае, б’ецца. Мяне нешта кідае ў бок.

Я прачынаюся. Я бачу, што я абдымаю сваю жонку рыхтык як у сьне і гляджу ў столь, таксама як у сьне. Валасы дыбам. Холад па скуры. Грукат сэрца. На сэкунду зьяўляецца думка, што гэта таксама сон. І мне трэба прачнуцца яшчэ раз, каб выйсьці ў сапраўдную рэальнасьць.

10 Responses to “Тэорыя і практыка палётаў у снах”

  1. booxter Says:

    Ёсьць такія думкі, што ты расьцеш :)
    Але з-за таго, што й сэкс сьніцца, то мабыць ужо вырас ;)

  2. Administrator Says:

    > Ёсьць такія думкі, што ты расьцеш :)

    Я шматкроць чуў пра гэткую інтэрпрэтацыю “палётаў у сьне” сярод беларусаў, але ані ў інтэрнэце, ані ў спэцыяльнай літаратуры ня бачыў пацьверджаньня гэтаму факту.

    Насамрэч, апошнія тэорыя сьцьвярджаюць прыкладна наступнае:

    “Функцыя сну ў чалавека ўсё яшчэ зьяўляецца тэмай навуковых спрэчак. Раней лічылася, што асноўная функцыя ёсьць адпачынкам для цела і мозгу, але апошнія экспэрымэнты не пацьвярджаюць гэтага (што датычыць мозгу). Лічыцца, што адна з асноўных функцый сну — кансалідацыя і аптымізацыя памяці і ўспамінаў ў мозгу чалавека.”

    І вось калі адбываецца гэтая кансалідацыя і аптымізацыя памяці ў пэрыяд REM (Хуткі рух вачэй - Rapid Eye Movement), то мы бачым сны (скажам, як нейкі пабочны працэс гэтага прадукту).

    Гэта жыцьцёва важная функцыя. Нават быў праведзены экспэрымэнт (ня памятаю цяпер дакладных дэталяў): калі чалавеку даваць спаць нармальна, але заўсёды перарываць стадыю REM, то хоць фізычна ён будзе адпачываць дастатковую колькасьць гадзінаў, але ў мозгу будуць адбывацца нейкія вельмі дрэнныя працэсы. І чалавек можа памерці празь некалькі тыдняў.

  3. Administrator Says:

    P.S. Вось кароценькі артыкул у Вікіпэдыі, але яго варта было-б пашырыць.

  4. Olyulya Says:

    Yak mala ti zmyanilsya i shmat gadou praishlo… A mozha ti na samoi sprave letal…tol’ki u inshim zmyarenne:)

    Heidelberg.

  5. Administrator Says:

    Olyulya: Калі не сакрэт, скажыце хто Вы, таямнічая незнаёмка? :))

  6. Olyulya Says:

    Ya? Znaemaya:) Mensk…Puskina 1… Dvor, dni narodzhannya… Kolya, Uladzik, ti i ya:)
    Shkola spachatku 96, potim 16…
    Ne pamyataesh’? :)

  7. Administrator Says:

    Нічога сабе! Я проста ў шоку. :)))))

    А што ты робіш у Гайдэльбергу? Няўжо, biotech?

  8. Olyulya Says:

    Ya pracuyu yak invited reseacher v Uni.Heidelberg:) Abaranila diser pa biyaphiziki v Menske god nazad:) Yak ti?

  9. Administrator Says:

    Круто! Страшно завидую “по-белому”! :)

    У мяне зараз усё больш-менш добра. Давай лепш паразмаўляем праз імэйл ці праз Google Talk. А то гэты дзёньнік чытаюць ня толькі сябры, але і непрыяцелі. Лепш не пакідаць тут зашмат прыватнай інфармацыі. Мой імэйл br23net на gmail . com, або стары на Яху (які ты, можа, ведаеш).

  10. Administrator Says:

    Дарэчы, у снах у мяне часьцей за ўсё нешта адбыавецца па дарозе ў СШ №16. Часьцей за ўсё ў раёне ад Мухлі да вул.Гусоўскага. То там нейкая АЭС, тыпу чарнобыльскай. То там нейкія іншапланецяне. То нейкі брытанскі ваенны шпіталь.

Leave a Reply