Радыё Швэцыя і беларускі тэатар
Апошні аўдыё-выпуск беларускай рэдакцыі Швэдзкага радыё даволі цікавы, пра самагубства беларускага ўцекача ў следчым ізалятары ў Швэцыі й пастара-гамафоба.
А яшчэ ўчора Дзьмітры Плакс са Швэдзкага радыё прыслаў абвестачку пра тэатральныя сустрэчы ў Менску:
“З 6 па 10 сьнежня 2005 году ў Купалаўскім тэатры адбудзецца Беларуска-швэдзкі сэмінар. Мэта сэмінару — пашырыць тэатральныя кантакты паміж Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы і Швэдзкім Каралеўскім драматычным тэатрам Драматэнам. Запрашаем усіх зацікаўленых журналістаў на прэсавую канферэнцыю, якая адбудзецца 6 сьнежня аб 11-й гадзіне на Малой сцэне тэатру імя Янкі Купалы.”
Творчыя сувязі паміж вядучымі тэатрамі Беларусі і Швецыі былі наладжаны ў кастрычніку 2003 г., калі на Малой сцэне тэатра адбыўся тэатральны праект, упершыню праведзены і арганізаваны сродкамі тэатра пры падтрымцы Шведскага Інстытута ў Стакгольме, Шведскай Каралеўскай Акадэміі літаратуры і Консульства Швецыі ў Беларусі. Рэжысёр Наталі Рынглер (г.Стакгольм) ажыццявіла на Малой сцэне спектакль “Барух-Эмануэль” па п’есе Дзмітрыя Плакса. У межах гэтага праекту адбыўся і Семінар сучаснай шведскай драматургіі, падчас якога беларускі глядач упершыню змог пазнаёміцца з сучаснай тэатральнай культурай Швецыі, дагэтуль мала вядомай.
Прадстаўнікі Швецыі выказалі шчырую зацікаўленасць сумеснымі тэатральнымі праектамі з Беларуссю і ў снежні 2004 г. запрасілі групу прадстаўнікоў тэатра імя Янкі Купалы разам з драматургамі Дзмітрыем Строцавым, Рыгорам Цісецкім, Янай Русакевіч для ўдзелу ў Семінары беларуска-шведскай сучаснай драматургіі ў Тэатры Эльверкет (эксперыментальная сцэна Каралеўскага Драматычныга тэатра).
І вось, наступны праект беларуска-шведскай драматургіі. Падчас сёлетняга семінара акцёры з Каралеўскага Драматычнага тэатра будуць працаваць над шведскім перакладам п’есы “Вечар” Аляксея Дударава (рэжысёр Сяргей Тарасюк, перакладчык Дзмітры Плакс), а артысты Купалаўскага тэатра – над п’есай сучаснага шведскага драматурга Крыстафера Бокера «Фантан» ў перакладзе на беларускую мову Дзмітрыя Плакса (рэжысёр Наталі Рынлер). Вынікі гэтай работы будуць прадстаўлены на Оn-LINE у апошні дзень семінара 10 снежня.
У рамках семінара беларускі і шведскі рэжысёры правядуць майстар-класы, акцёрскія трэнінгі, адбудзецца сустрэча-дыскусія з прадзюсерам Каралеўскага Драматэна Ульрыкай Хольмгард і яе асістэнткай Карын Нільсан, Мастацкім кіраўніком Малога Тэатра Ігарам Забарай, семінар “Праблемы перакладаў” з удзелам перакладчыка Дзмітрыя Плакса і Загадчыцы літаратурнай часткай тэтра імя Янкі Купалы Марыны Бартніцкай, адкрытыя сумесныя рэпетыцыі і сустрэчы з журналістамі і маладымі драматургамі.
Запрашаем усіх зацікаўленых журналістаў на прэс-канферэнцыю, якая адбудзецца 6 снежня ў 11-00 на Малой сцэне тэатра імя Янкі Купалы. Удзельнікі: госці са Швецыі (артысты Каралеўскага Драматэна, прадзюсеры, рэжысёры), драматургі Аляксей Дудараў і Крыстафер Бокер, перакладчык Дзмітры Плакс, Загадчыца літаратурнай часткай Купалаўскага тэатра Марына Бартніцкая, прадстаўнікі Пасольства Швецыі.
Запрашаецца тэатральная грамадскасць Мінска.
Dmitri Plax
Producer
Radio Sweden/ SR International
Belarusian Service
phone +46 (0)8- 784 11 46
mobile +46 (0)76- 207 33 51
fax +46 (0)8- 667 62 83
dmitri.plax@sr.se
www.sr.se/international
