Жорсткі Макстор і скочка па імені Jumper
Мой першы ўласны кампутар меў вінчэстар памерам 20 мэґабайт. Гэта быў ужываны кампутар, які я на сваім карку прывёз з ЗША ў Беларусь у 1994 годзе. Праз два гады я купіў за 200 даляраў ужываны 486-ы, які меў жорсткі дыск памерам 270 мэґабайт. Потым я вучыўся ва ўнівэрсытэце і з доступам да кампутараў ад 8-й раніцы да поўначы не было патрэбы купляць уласны кампутар. За тым, вярнуўшыся ў Менск, я купіў свой першы ноўтбук, гэта было ў 2000 годзе. Ён меў вінчэстар памерам 6 ґіґабайтаў. У 2003 годзе я купіў у Белай Галяндыі новы танны дэсктоп з жорсткім дыскам памерам 60 ґіґабайт. На мінулым тыдні 60 ґіґабайт канчаткова запоўніліся (пераважна аўдыё і відэа сьмецьцем), і сяньня я паехаў і купіў сабе новы вінч памерам 200 ґіґабайт, заплаціўшы трошкі больш за сто баксаў (50 цэнтаў за ґіґабайт). Калі маляваць гэтыя мэґабайты-ґіґабайты на ґрафіку, то прыйдзецца карыстацца ляґарытмічнай шкалой. Але тэмпы росту, здаецца, у маім выпадку трошкі запавольваюцца.
Дарэчы, сяньня я ўпершыню ўсталёўваў жорсткі дыск. Раней прыходзілася ставіць ґрафічную картку, унутраны мадэм, DVD-драйв… але ніколі не дадаваў у сыстэму вінч. Пачатак атрымаўся даволі сьмешны. Перш за ўсё я падлучыў яго да другаснага раба (secondary slave) на шлейку, да якой падлучаны DVD-пісьменьнік. Я дастаў “скочку” (такая маленечкая чорная фігнюшка, якая па-ангельску завецца jumper) і запусьціў кампутар — BIOS не распазнаў яго. Я паспрабаваў усе чатыры варыянты пазыцыі “скочкі”, але BIOS упарта ня бачыў новага дыска. Пасьля гэтага я падумаў, што мабыць трэба абавязкова ставіць другі жорсткі дыск як першаснага раба (primary slave) на тую-ж шлейку, што і першасны майстар (primary master), то бок першы вінч. Я дастаў 40-дзірачны кантакт і падлучыў яго на першасную шлейку. Зноў паўтарыў усе чатыры камбінацыі “скочкі” — з такім-жа вынікам, як і ў папярэднім выпадку. Тут я падумаў, што трэба паспрабаваць паставіць яго як першаснага майстра. Я палез даставаць кантакт са свайго старога вінчэстара і тут я ўбачыў, што акрамя шыны да яго падлучана… сілкаваньне ад блёку AC/DC! Мы з Э. адначасова зарагаталі, як коні…
Потым усё пайшло хутчэй, хаця быў яшчэ адзін цікавы момант. Дыск распазнаўся зь першага разу (з вынутай скочкай), але ўзьнікла наступная праблема. BIOS распазнаваў яго як 200-ґіґабайтны “Макстор”. У той-жа час “Вінды” бачылі “Макстор” памерам усяго 128 ґіґабайт. Хуткі пошук у Гугле даў важную падказку, каб вырашыць праблему “зьніклых” ґіґабайтаў. Аказваецца, 128 ґіґабайт чамусьці ёсьць верхнім лімітам для дыскаў у w2K, але яго можна вельмі проста абысьці, замяніўшы пару лічбаў у рээстры. Для гэтага нават ёсьць маленькая праґрамка-латка на афіцыйным сайце “Макстор”. Пасьля запуску латкі і рэстарту “Вінды” ўбачылі новы вінч так, як мае быць. Пасьля гэтага фарматаваньне заняло нечакана доўгі час — больш як гадзіну. Але-ж у мяне цяпер два фізычныя дыскі і 260 ґіґаў. Карыстаючыся тэрміналёґіяй ЖЖ — mood: accomplished.

December 11th, 2005 at 1:30 pm
“графічная” пішацца праз “г”, а не “кг”, бо корань грэцкі.
December 11th, 2005 at 1:37 pm
Па-першае, а якім бокам тут “γρεκαια μοωα”? :)))
Па-другое, палядзі на ўкраінцаў: на слова “ґрафіка” Гугл знаходзіць больш як 600 старонак.
December 15th, 2005 at 1:15 pm
http://www.br23.net/en/2005/12/15/new-hard-drive/ - а вось і фотка. Мой комп на апэрацыйным стале. :)