“Нью Сайнтыст” тры гады таму
Да мяне выпадкова патрапілі пяць нумароў часопісу “New Scientist” (брытанскі штотыднёвік, які піша пра апошнія навіны навукі і тэхнікі) з 2002 году, якія я зь вялікай цікавасьцю прачытаў учора і сяньня. Усё-ткі дзіўна, наколькі цяжка нешта прадказваць у навуцы нават на самы кароткі тэрмін. Вось толькі некаторыя недакладнасьці ў праґнозах, якія я напаткаў у гэтых старых нумарах:
• Адчуваецца вялікі ўздым і захапленьне ад праґрэсу ў галіне ґеннай інжынэрыі і клянаваньня. З матэрыялаў вынікае, што ўжо ў найбліжэйшыя гады будуць клянаваныя дзясяткі жывёлаў, а можа і Homo Sapiens Sapiens. Прадказваецца, што клон чалавека можа зьявіцца ўжо ў 2003 годзе.
• Зь вялікім захапленьнем расказваецца пра палёты чалавека ў космас. У першую чаргу, шмат увагі прысьвечана Міжнароднай касьмічнай станцыі ISS і плянам палёту чалавека на Марс, якія могуць стаць рэальнасьцю ўжо вельмі хутка. Аднак, катастрофа касьмічнага чоўна “Калюмбія” 1 лютага 2003 году адсунула ўсе гэтыя пляны на многія гады наперад, і паставіла пад пагрозу многія праекты на ISS.
• Амаль у дэтэктыўным стылі апавядаецца пра пошук магчымай дзясятай плянэты ў Сонечнай сыстэме. Гэтая дзясятая “плянэта” была знойдзена ў лістападзе 2003 году і атрымала працоўную назву 2003_UB313. Але замест таго каб стаць дзясятай, яна выклікала супярэчнасьці й дэбаты наконт дэфініцыі слова “плянэта”, і цяпер паўстае пытаньне, ці можна Плутон называць поўнавартаснай плянэтай.
Ну і нарэшце самы сьмешны праґноз пра тэлепартацыю. Проста працытую:
• “Напэўна, у 2003 годзе вучоныя змогуць тэлепартаваць аб’ект вялікага памеру, які бачны безь мікраскопа” (Sometime this year they may have teleported an object big enough to be visible).
Вось такія пэрлы. Трэба разумець, што ўсялякія праґнозы і з самых апошніх нумароў “New Scientist” таксама трэба ўспрымаць з пэўнай доляй скептыцызму.

December 18th, 2005 at 7:46 pm
Navat nia z peŭnaj, a z poŭnym skieptycyzmam! :)
Dziakuj za cikavuju retraspektyvu.
December 18th, 2005 at 8:02 pm
Čamu tak kategaryčna? Heta ja vybraŭ, tak by mović, “lapy”. Ale tam vielmi šmat dakładnaj i cikavaj infarmacyi pra apošnija navinki navuki.