Вікіпэдыя: мае два цэнты

Учорай Андранік Антанян чарговы раз накінуўся з крытыкай на Вікіпэдыю, абазваўшы праект “валтузьнёй анальфабэтаў”. Паколькі я таксама быў актыўным удзельнікам і застаюся квазі-пасіўным удзельнікам гэтай “валтузьні анальфабэтаў” і паколькі я паважаю меркаваньні Андраніка ў ліцяратурна-энцыклыпядзічна-гуманітарных пытаньнях, то лічу патрэбным даць адказ са свайго анальфабэцкага пункту гледжаньня.

Маё стаўленьне да Вікіпэдыі за час працы з рэсурсам мянялася ад фээрычнага захапленьня да катэгарычна адмаўленьня. Пры першым знаёмстве я страшна захапіўся ідэяй. Быў напісаны аптымістычны ўводны тэкст у Вікіпэдыю. Ахвяруючы вольным і працоўным часам, я актыўна пісаў і рэдагаваў артыкулы ў ангельскай і беларускай Вікіпэдыях і нават нахабна суваўся ў белагаляндзкую Вікіпэдыю, хаця мой узровень валоданьня літаратурнай пісьмовай белагаляндзкай ня быў дастатковым для таго, каб пісаць у энцыкляпэдыю. Празь некалькі месяцаў пісаніны і больш цеснага знаёмства з унутранай кухняй сыстэмы, хваля захапленьня пачала спадаць. Найніжэйшы пункт быў дасягнуты ў чэрвені 2005 году, калі я прыняў рашэньне ўвогуле сысьці з ангельскай Вікіпэдыі. Прычынай сыходу былі артыкулы, якія датычылі гісторыі Беларусі. Многія зь іх сталі баявой пляцоўкай для змаганьня паміж расейскімі й польскімі нацыяналістамі, якія спрабавалі перапісаць артыкулы адпаведна сваім нацыяналістычным тэорыям, распачаўшы revert-войны.

Пасьля некалькіх месяцаў адпачынку ад Вікіпэдыі й пасіўнага назіраньня мая апінія паціху пачала мяняцца ў лепшы бок. Я зразумеў, што палітычныя і гістарычныя тэмы заўсёды могуць быць і будуць пляцоўкай для POV-барацьбы (і тут я згодны з Антанянам: “Вікіпэдыя нягледзячы на ўсю прыгажосьць задумы, мае структурыя хібы”), але на тысячы іншых тэмаў, асабліва што датычыць дакладных навук, як то фізыкі, матэматыкі, хіміі, кампутарных навук, Вікіпэдыя можа быць выдатнай крыніцай для пашырэньня ведаў. Я і цяпер час ад часу заходжу і спарадычна пішу ў беларускую Вікіпэдыю (і мне трошкі прыкра, што рост беларускай Вікіпэдыі ў апошнія месяцы запаволіўся; cпадзяюся, што да праекту будуць далучацца новыя рэдактары.)

Галоўная праблема, якую вельмі часта ўспамінаюць і якую можна назваць той самай “структурнай хібай” — гэта нібыта малая ступень даверу да пададзенай інфармацыі, паколькі пісаць у Вікіпэдыю можа “любы дурак”, нават не рэгіструючыся. Насамрэч, сытуацыя зусім не такая дрэнная, як здаецца спачатку. (Зрэшты, увесь інтэрнэт — гэта велізарнейшая калекцыя старонак з інфармацыяй, праўдападобнасьць якой вы ня можаце ацаніць.) Асабісты вопыт маёй работы з ангельскай Вікіпэдыяй паказаў, што ў 99%, асабліва калі тэмы не датычаць палітыкі ці супярэчлівых пытаньняў гісторыі, энцыкляпэдычныя артыкулы ні чым ня горш за іншыя крыніцы інфармацыі, а часта нашмат больш дакладныя і падрабязныя, чымся ў іншых крыніцах.

Гэта было толькі маё прыватнае меркаваньне, але цяпер ё і канкрэтныя вынікі навуковага дасьледаваньня на гэтую тэму. Спадзяюся, гэта стане пераканаўчым доказам для Андраніка і іншых вікі-скептыкаў. Дасьледаваньне, якое было апублікаванае ў апошнім нумары саліднага навуковага часапісу “Nature” выявіла, што ў пытаньні дакладнасьці Вікіпэдыя ня горш за энцыкляпэдыю “Брытаніку”, якая лічыцца найлепшай англамоўнай энцыкляпэдыяй у сьвеце! (гл. [Nature], [BBC] і ў перакладзе [па-расейску]).

ЗЫ. Банэрная RED.by ужо трэці дзень мёртва ляжыць. Што здарылася, хтось ведае?

6 Responses to “Вікіпэдыя: мае два цэнты”

  1. RWD Says:

    пра Red.by: http://www.livejournal.com/users/vojur/18363.html?thread=70587#t70587

    а цікавасьці да Бел.Вікі і сапраўды вельмі мала :( ці то такі ён беларускамоўны сэгмэнт сеціва, ці тое нешта яшчэ… хаця, як мне здаецца, што проста беларускамоўных інтэрнэтчыкаў замала, каб ахапіць усё ў інтэрнэце… нават у ЖЖ іх даволі мала, а што ўжо казаць пра Вікіпэдыю…

  2. vadim_i_z Says:

    1) Гэта так… але на тое, што пiша Nature, ёcць шэраг iншых аргументау. Не, я лiчу, што нейкi кантроль неабходны - нават у фiзiчным сектары.
    Зразумела, гэта “толькі маё прыватнае меркаваньне” :-)
    2) Што такое POV-барацьба?

  3. antanian Says:

    Магчыма, што дакладных навуках сітуацыя куды лепшая. Але напрыклад у гістарычнай частцы беларускай вікіпэдыі кандыцыйнымі зьяўляюцца тэксты напісаныя прафэсійнымі гісторыкамі. Такое вось назіраньне.

    Ведаеш, апошнія 10 гадоў я назіраю спробы ўцягнуць аматараў ў розныя сфэры дзейнасьці.

    Спачатку яны пайшлі ў кнігавыдавецкую справу. У выніку культура кнігі ўпала ніжэй плінтуса.

    Потым яны пайшлі у гукарэжысеры. Вынік сьмешны.

    Прыход іх у вэбдзязайн ёсьць прычынай таго карыстальнік мусова ўключае свае стылі. Іначай нічога не прачытаць.

    Зараз гэтыя красаўцы паміж справай засралі ідэю энцыкляпудзіі.

    На самой справе, нейкай вялікай патрэбы ў падобнай асьветніцкай дзейнасьці няма, таму са зьяўленьнем новай цацкі гэтая хваля сыйдзе куды-небудзь. У гэтым я не сумняюся.

    І яшчэ, сон у руку.

  4. Aharoni Says:

    Don’t give up in your edit wars.

    DON’T GIVE UP.

    Take a break once in a while, but DON’T GIVE UP.

  5. Aharoni Says:

    What is the proper Belarusian word for design - дзязайн or дызайн? Look here:

    http://www.artlebedev.ru/studio/slogan/

  6. Vital Voranau Says:

    Нажаль не магу не пагадзіцца з перадмоўцай. Апошнія ‘новаўвядзеньні’ ў беларускай Вікіпэдыі цалкам зьнеахвоцілі мяне да працы на карысьць гэтага праэкта. Калі праэкт каардынуецца неспэцыялістымі, спадзявацца ад яго нічога вялікага не належыць. Нажаль у чарговы раз аказалася, што ў кожнай беларускай справе знаходзяцца шкоднікі і псотнікі.

Leave a Reply