Сьляпое вока ў маіх снох
“У снах далёка ад дому
Праяўляюцца плёнкі старыя
Дзён былых і наступных
Магчыма.
Р.Б.”
Пра сэкс і палёты ў снах я ўжо быў пісаў, а зараз раскажу пра іншыя фізычныя бздуры з маіх сноў. Мо’ нехта дапаможа разабрацца, што гэта азначае, калі гэта наагул можа нешта азначаць. Навукоўцы так і не прыйшлі да кансэнсусу і канчатковай высновы, што азначаюць сны. Адна з сучасных тэорый сьцьвярджае, што гэта проста пабочны эфэкт, які мы маем радасьць назіраць, пакуль мозг актыўна займаецца клясыфікацыяй, рэарганізацыяй памяці і апрацоўкай тых досьведаў, якія мы паспыталі за пражыты дзень. (З другога боку, я знаходжу гэта трохі сумніўным, бо як тады патлумачыць працэс lucid dreaming — ці азначае гэта, што чалавек, які навучыўся ўваходзіць у “празрыстыя” кантраляваныя сны, руйнуе сыстэму клясыфікацыі і арганізацыі сваёй памяці?)
Адны з рэкурэнтных і самых брыдкіх сцэнароў з маіх сноў — гэта ўсякія непрыемныя мэтамарфозы з маім уласным целам.
Раней мне часта сьнілася, што ў мяне расшатваецца і выпадае зуб. І хоць падзея для сну, дзе можа адбывацца “ўсё, што заўгодна”, падаецца трывіяльнай, але адчуваньне заўжды было вельмі непрыемнае, амаль як у Кінгаўскіх жудзіках. Я чытаў недзе, што гэты сон азначае няўпэўненасьць у сэксуальным жыцьці і сваёй патэнцыі. Гэткая інтэрпрэтацыя гучыць, аднак, досыць дзіўна, бо якраз у тыя гады ў мяне была найбольшая колькасьць сэксуальных партнэраў, і толькі аднойчы здарылася невялічкая няўдача ў ложку. Наагул, тэорыі Фройда і іншыя спробы інтэрпрэтаваньня сноў бальшынёй вучоных лічацца цяпер ненавуковымі (па сваёй дакладнасьці на мяжы з гараскопамі й гаданьнем на далоні).
Другі непрыемны сон з гэтай сэрыі — гэта пустое невідушчае вока. Часьцей за ўсё гэта здараецца, калі я гляджу ў люстэрка, і раптам бачу, што ў мяне няма зрэнкі або яна распушчаецца і зьнікае літаральна на вачах (sorry for the pun). Прычым, нават пасьля зьнікненьня зрэнкі я звычайна магу ўсё бачыць, але мяне дзіка пужае тое, што ў мяне цалкам белае вока. Яно нагадвае вока сьляпога, хворага на глаўкому. Гэты сон пужае мяне нават больш, чым сон з выпадаючымі зубамі. Але не прыпомню, каб ён мне сьніўся ў апошнія месяцы.
Трэці сцэнар зьвязаны з унутранай фізычнай хібай — немагчымасьцю бегчы. Апошнім часам гэты элемэнт прысутнічае ў маіх снох па некалькі разоў на тыдзень. Гэта можа быць нейкае спаборніцтва — бег на стадыёне або частка жахлівага кашмарнага сну — я мушу ўцякаць ад забойцы, злыдняў… Я бягу, бягу, намагаюся з усіх сілаў бегчы хутчэй, але непаслухмянае цела не рэагуе на загады мозгу. Бегчы так цяжка, што гэта вылікае паніку. Зьяўляецца адчуваньне, што на кожнай назе вісіць 100-кіляграмовы чугун, а косткі на нагах вось-вось зламаюцца. Зьяўляюцца думкі, што ніжэй за пояс маё цела ахоплівае паралюш. Па сваёй інтэнсіўнасьці гэтыя сны могуць параўнацца з найгоршымі кашмарамі. Цікава, што гэта можа азначаць?

December 28th, 2005 at 6:24 pm
Чым болей я гляджу ўласных сноў ;), тым болей пагаджаюся з думкай, што для кожнага чалавека - свая сымболіка, якую можна паступова для сябе высветліць.
Думаю, што сон пра выпадзенне зубоў - досыць пашыраная з’ява. Мне, напрыклад, такое сніцца ў нервозныя перыяды , калі я шмат вербальна раздражняюся, злуюся, т.б. шмат на кагосьці ці штосьці наязджаю, выказваю незадавальненне.
Што тычыцца сноў з уцёкамі (таксама стэрэатыпны сон), то хочацца праілюстраваць адной цудоўнай фразай: “Павярніся тварам да таго, што пераследуе цябе, і ты пазнаеш сябе” ;). У мяне з маленства быў самы вялікі жах заснуць дома і прачнуцца ў іншым, чужым месцы. А жах пагоні стаяў на другой пазіцыі. І тое, і тое я вырашыла, робячы перад сном сабе ўстаноўку (ці як бы сказаў кастанедавец - “выказваю намер”) - не ўцякаць, а ісці на бой, праз жах, паварочвацца тварам да таго, што мяне пераследуе, насуперак логіцы, інстынкту, сцэнару снення ці чаго там яшчэ. Не ў адну ноч, але і вырашыла. Раней у сне за мной часта ганяліся страхотлівыя сабакі і я ад іх уцякала, зараз (і сновая рэальнасць сваёй гнуткасцю дазваляе гэта!) ніводны сабака беспакарана на мяне не нападзе ;). Гэткія сны, дарэчы, нягледзячы на стрэс, прыносяць нафвялікшае задавальненне - быццам вырашаеш нейкую цяжкую праблему ці пераадольваеш сур’ёзную перашкоду, ці здаеш значны жыццёвы экзамен.
“Люцыднікі” ў плане сымбалічнасці не адрозніваюцца ад звычайных сноў. Я зрабіла менавіта такую выснову з вопыту lucid dreaming. Гэта тая ж самая рэальнасць, толькі ўсвядомленая намі, і таму ярчэйшая для ўспрымання. Тое, што можна па ўласнай волі нешта мяняць у гэткім сне - хутчэй, ілюзія. Мы, хутчэй, перабіраем ужо гатовыя, існыя ў нашай “матрыцы” вобразы.
А вось што да белых вачэй у сне, то з гэткім не сутыкалася. Спрабуйце вылічыць, што б гэта магло значыць. Усведамленне сутнасці праблемы вельмі часта само па сабе зьяўляецца рашэннем. У мяне з вачамі ў дзяцінстве ў снах была крыху іншая рэч: мне часта снілася, што я не магу расплюшчыць вачэй, асабліва, калі падыходзіла да люстэрка. Дакладна ведаю, што гэтак мой сновы арганізм рэагаваў на маё непрыманне свету, страх перад ім, нежаданне глядзець і бачыць розныя праблемы - я зануралася ў свой летуценны свет ці проста любіла большую часту вольнага часу паспаць, каб мяне ня дзёргалі па кожнай дробязі.