1984-1986 у дзёньніках Я.Б.
Учора-сёньня пачытаў дзёньнікавыя запісы Янкі Брыля, зробленыя за савецкім часам (1984-1986). Шчыра кажучы, я чакаў большага, бо чуў, як Брыля неаднаразова ставілі ў адзін шэраг з Васілём Быкавым і клясыкамі. Дзёньнік, як на маю думку, слабаваты, падсумоўваючы ў трох словах, гэта калекцыя кароткіх “блоґавых” запісаў, у якіх апрача цікавостак і дасьціпных ідэяў даволі шмат унутрыпісьменьніцкіх разборак і кпінаў, саўковасьці, правінцыяльнасьці і проста банальных думак.
Не… — увогуле, ён досыць чытабельны і месцамі вельмі цікавы дзёньнік, але я ўсё-ж чакаў большага. На маю думку, нават у нашай цяперашняй “разрэджанай” беларускай блаґасфэры ёсьць прынамсі 4-5 дзёньнікаў, якія маюць большую літаратурную і інтэлектуальную вартасьць — напрыклад, некаторыя фрэнды ў правым слупку гэтай старонкі.
Вось-жа некалькі кароткіх вытрымак (гэта выбарка больш цікавых запісаў, што мне запомніліся; выдзяленьне нахіленым шрыфтом — аўтарскае; правапіс у арыґінале — наркамаўскі):
“Другі дзень “Гісторыя беларускай літаратуры” Максіма Гарэцкага. Які быстры розум і ґрунтоўная эрудыцыя ў 27-28 гадоў! А празь дзесяць гадоў ён, акадэмік, быў у Вятцы чорнарабочым, упрыгаладзь начаваў на нейкім гарышчы, накрываючыся палітом… Талковыя, сьмела-самастойная ацэнкі, якіх, здаецца, і сёньня не чуваць. Скажам, пра Багушэвіча і Цётку… Слова Гарэцкага, што павінны былі-б — некаторыя — быць ня толькі ягонымі: затхле, пазалежку, даражэнны, помала, цямнасьць, на здаволь, нікаліва, будзька, бязворыца, сходаць, аднавагам… Так трэба пісаць гісторыю роднай літаратуры.”
“Няўжо толькі мой асабісты, так горка малаактыўны ўдзел у мінулай вайне, маё адчуваньне гэтай віны, сваёй недастатковасьці, — няўжо толькі гэта не дало мне адчуць… няхай не на ўсю глыбіню, а хоць, магчыма, для аднаго чалавека глыбокую веліч жаху мінулай вайны? Няўжо хто-небудзь адчувае гэта на ўсю глыбіню? Пытаньне наіўнае. Калі ніхто ня можа ведаць усяе праўды пра яе, дык і адчуць ніхто ня можа. Патрэбен яшчэ адзін Талстой. Хоць і яго аднаго будзе замала.”
“Закончыць які-небудзь філфак, журфак, і лічыць, што ты ўжо адукаваны на ўсё жыцьцё, — як гэта недарэчна і як нярэдка бывае!”
“Вяртаюся да калісьці запісанага, добра ня памятаючы, ці запісаў гэта. І тут ня толькі славуты склероз, тут і важнасьць успаміну, які зноў вяртаецца, патрабуючы замацаваньня на паперы.”
“У адным томе Эмэрсан і Тора. Падумаў адразу, што буду чытаць гэта ў вёсцы, аднак пачаў, ды з Тора, памятаючы, як да яго адносіўся Леў Мікалаевіч. Мудра, густа, што ні сказ — афарызм”.
“У парку школьнікі з настаўніцай. Яны, хутчэй за ўсё, пяціклясьнікі, а яна маладая, высока-стройная, з пародзістай маладосьцю з-пад лёгенькага паліта…”
“Вялікая культура народу складаецца з намаганьняў, працы і барацьбы мноства малых і маленькіх патрыётаў. Безьліч прозьвішчаў у навуковым сьведчаньні — польскім двухтомным энцыкляпэдычным даведніку па літаратуры, — прозьвішчаў, якіх, здаецца, не зьлічыць, а ўжо напэўна ж не запомніць. І не ахапіць уяўленьнем усіх тых, што за імі стаяць — людзей жывых у свой час і непаўторна розных. Такога мурашніка ў нас мізэрна мала”.
“У расейцаў ёсьць писатель большой і писатель великий, а ў нас — толькі вялікі. А то яшчэ чуў ад адной захопленай ціхоні, што Х. — “вельмі вялікі пісьменьнік”. Хоць так наробім сабе болей клясыкаў!”
“Выступленьне перад амэрыканцамі я пачаў з прывітаньня прадстаўнікам вялікай амэрыканскай літаратуры, якую мы любім з маленства, пачынаючы са старонак Бічэр-Стоў і Марка Твэна. Падумалася цяпер, што каму-небудзь з бывалых, шматвопытных выступальнікаў гэта, магчыма, здалося б ці здалося правінцыяльным. І можна было б адказаць, што перад абліччам сусьвету — а гэта ўжо сучасна — усе мы па-свойму правінцыя”.
“Чукоўскі пра Купрына. Плюсы і мінусы. І думаю: а чаму гэта мы ня пішам усяго: як гінулі і гінуць некаторыя нашыя блізкія ды значныя ад п’янства?”
“Кёка Хаясі. “Сустрэча аднакурсьніц”. Проза такая чыстая, акуратная, дакладная, што здаецца: гэта ад іероґліфаў, якія, відаць, не дазваляюць нічога лішняга”.
“Таксама, як гэты аўтар забраў у мяне сёньня некалькі гадзінаў жыцьця, і я забіраю яго ў сваіх чытачоў. Некаторыя сьведчаць пра гэта сваімі лістамі, а яшчэ больш, калі падумаць пра нашы тысячныя наклады, ня скажуць нічога ніколі”.
“— Усё лета ў вёсцы прасядзеў, на дачы. Прыехаў, пытаюся, як тут ды што. Цуду не адбылося.
І рагоча сыценька”.
“Калі гэта добра — адразу бачыць у напісаным дрэннае, дык, можа, яшчэ лепш — бачыць, што пішаш дрэнна і не пісаць яго?”

December 29th, 2005 at 12:36 am
OFF-TOPIC:
Сёньня на галоўнай елцы Беларусі Лукашэнка пажадаў дзецям посьпехаў “в работе и труде”
December 29th, 2005 at 2:35 am
Ну і няхай. Такіх пэрлаў ужо на цэлую кнігу хопіць…