Сьмерць зьблізу

Учора пайшоў у ложак а 4-й раніцы, ня мог заснуць да паловай на шостую. Прачнуўся у 11:30 і пабег на працу (ад парку літаральна пабег). Перад ахоўнікам трохі схапіла мышцы на жываце. Потым пасьля двух гадзінаў […] забалела галава. Апошні сказ я нават ня стаў дапісваць, пабег у прыбіральню, каб памыць твар халоднай вадой. А надвор’е — дэпрэсіўна лістападаўскае. Ды я яшчэ з маім рэжымам увогуле “сьвета белага ня бачу”, жыву ў цемрадзі. Памыўшы твар сьцюдзёнай вадой, вяртаюся на працоўнае месца, вырашаю, што хопіць гэтай восеньска-зімняй дэпрэсіі, і тут чытаю вестку, што ўчора памёр калега.

Здаецца, яму 30 з гакам было ці каля 40. Гэтая апошняя навіна канчаткова дабіла, хаця я яго і ня ведаў асабіста, толькі ў калідорах бачыў і зрэдчасу вітаўся. Калі-б нейкі стары дзядок памёр, дык і не было б такога шоку, я думаю, а тут адразу пачаў параўноўваць: маўляў, глядзі, малады, жыве ў Празе, працуе ў тым жа месцы, робіць тое ж, што і ты, і тут такая раптоўная сьмерць. Мы заўсёды эгаістычна прыямраям чужую сьмерць на сябе, і чым бліжэй чужая адзежка для нас, тым страшней нам. Такая нашая эўрапейска-заходняя Memento Mori, засунутая ў глыбокія сутарэньні сьвядомасьці. Я.Ш. пра гэта вельмі добра напісаў, якраз тое, пра што я думаў, толькі іншымі словамі.

Я.Ш.: “Калі памірае чалавек, няхай і няблізкі, але добра знаёмы, а тым больш малады, сьвет як быццам станчаецца, становіцца быццам-бы менш рэальным. “Уж колькі іх упала ў бездань гэту, што раскрываецца ў далечыні” — няправільны радок. Бездань не далёка, яна навокал. Оп — адзін зваліўся, ах — і другога няма. Хрум-хрум, ням-ням. Няведамае закусвае. А мы і не зважаем — звычайна да таго часу, калі яно не закусіць намі або кімсьці побач.

Сярэднявечнаму чалавеку, напэўна, жылося куды прасьцей у псыхалягічным сэнсе. Па-першае, сьмерць навокал яго была такая бачная, усюдыісная і будзённая, што ўспрымалася як частка жыцьця. А не як нешта незразумелае і страшнае, старанна загнанае ў дальні кут сьвядомасьці і замкнутае на ключ — як успрымаюць сьмерць большасьць цяперашніх людзей. (Зрэшты, пра гэта яшчэ Фуко напісаў ды многія іншыя разумныя людзі, ня буду паўтарацца). Па-другое, абсалютная большасьць людзей сярэднявечча нават ня верыла, а цьвёрда ведала, што “мы тут” — гэта толькі першая глава, за якой сьледуе значна шырэйшая — “мы там”. Людзі сяньняшнія, нават тыя шматлікія нібыты-вернікі, пахваліцца такой упэўненасьцю, як правіла, ня могуць. Таму наш сьвет — гэта сьвет уціснутых страхаў.

Да чаго я гэта? Ды вось даведаўся, што калега памёр. Амэрыканец. Ціхі, усьмешлівы хлапец, мы зь ім часта гутарылі падчас начных дзяжурстваў, калі працы было мала. Прычына сьмерці няясная, знайшлі дома мёртывм, вось і ўсё”.

One Response to “Сьмерць зьблізу”

  1. adelka Says:

    які жудасны ўчорашні дзень -
    у мяне ў стужцы 6 пастоў запар пра сьмерць (розных людзей)

Leave a Reply