Не прадаць дом у Італіі
Я хачу менавіта так калісьці зьезьдзіць у замежную краіну. Хачу так убачыць, так пачуць, так абмацаць, так удыхнуць чужую краіну, як гэта змагла зрабіць Марыя. На эмацыйным узроўні ў мяне было нешта падобнае, чароўнае, калі я ўпершыню пераляцеў Атлянтычны акіян і патрапіў у Амэрыку, а таксама калі я праз два дні і дзьве ночы на цягніку дабраўся да Балканаў, да Баўгарыі… Але не было ўцямных словаў і не было такой мовы, каб пераказаць гэта іншым.
Я, праўда, не зусім зразумеў канчатак. Ад словаў “Прыехаўшы ў Менск…” я пачаў адчуваць пэўнае неразуменьне, за якое ў мяне магчыма паляцяць камні ад землякоў. Не магу зразумець, чаму яна гэта зрабіла (або чаму яна так зрабіла сваёй гераіні, калі гэта fiction).
Горы з самалёту выглядалі толькі што крута замяшанай рошчынай: творца апошні раз узьбіў і рукі атрос — яшчэ відныя сьляды пальцаў. “Перад тым як пакінуць самалёт (у выпадку аварыі), трэба зьняць абутак на высокіх абцасах і сынтэтычныя панчохі”, — трапілася на вочы інструкцыя аб тэхніцы бясьпекі.
Як выявілася, і сышоўшы з таго самалёту — ня тое што скочыўшы, — табе жадаецца хадзіць па гэтай зямлі басанож, як хадзілі калісьці паломнікі.
А пакуль мы з дачкой проста пакупнікі, мы прыляцелі купляць дом, вядома, ня вілу Катэна кардынала Конці, палац зь зямлёй у 3000 м2 (была аб’ява ў часопісе “АД”). Пакуль я проста жанчына-разьвядзёнка, якая пахавала сваё каханьне, і па мне, як па старадаўнім помніку адналюбства, цьвітуць лішайнікі, асабліва на руках. Я старая птушка, якая ляціць у цёплую краіну, калі надыходзяць “халады”. I, марачы з даўніны пра Італію, хвалююся, бы падчас сустрэчы з блізкім чалавекам, які ведаў мяне яшчэ ў маладосьці.
Пакуль знаёмімся з Італіяй на самым інтымным узроўні: у акне кватэры, дзе мы спыніліся, вісіць, сохне сподняя бялізна, прасьцірадлы, спушчаныя з вышэйшага паверху: сёньня — зь сінім брыжком, учора — з ружовым. Вялікі вецер адносіць на хвіліну “ветразі” ўбок, тады ўспамінаеш, што ты не на моры, а на зямлі, бачыш вуліцу, дамы і… таксама прасьцірадлы.
— Спадзяюся, гэта не бытавы прэрафаэлізм, які ставіў сваёй мэтай адрадзіць шчырасьць, цноту раньняга італьянскага мастацтва яшчэ да эпохі Рафаэля? — дачка мастацтвазнаўца, “ветразі” яе проста абураюць.
Раптам шугануў дождж, наверсе забегалі, расчыняліся рамы, жанчыны здымалі бялізну, сьмяяліся. Што гэта было? Сьмех то зьнікаў у пакоях, то зноў зьяўляўся на вуліцы, то ўжо ў нас, пад стольлю птушанём, — сьмех, як шчэбет. Жанчыны гулялі з дажджом, сьпяшаліся яго апярэдзіць. Яны цешыліся самі зь сябе, з свайго спрыту.
Ізноў раз-пораз грукаюць дзьверы, брэша сабака, летучы на выгул, бяжыць за ім гаспадар, насьвістваючы мэлёдыю арыі Рыгалета. I так кожную раніцу, калі яшчэ самы сон, у доме на лесьвічнай пляцоўцы распачынаюцца вясёлыя ловы. “Дарыян!” — павітаўся ён пры сустрэчы і зноў засьвістаў, бы на цьвітучай галіне каля свайго гнязда, і зноў арыю Рыгалета. Так мы яго і называлі за вочы.
— Неверагодна! Трэба было спыніцца ў гатэлі! — у гэтым я з дачкой цалкам згодная.
Сёньня ўдалося — нічога не вісела перад вачыма — разгледзець немаладую італьянку на бальконе насупраць. Яна звычайна сядала шыць упаўдні, калі сонца гуляла зь ейным пярсьцёнкам. Засяроджанасьць, магчымая хіба ў цішы, калі не адчуваеш нават свайго дыханьня, чужога позірку, — і гэта амаль на вуліцы, сярод гулу машын, галасоў. Сочыць за сваімі пальцамі амаль на мяжы сузіраньня. Два-тры накіды перак і ўверх, і зноў два-тры накіды хуткім дзявочым жэстам. Шые ці вышывае, пераздымаючы малюнак? А мо дае мне знакі: тут Дом паўсюль, ты, чалавеча, нарэшце дома. I каб ты ў гэтым пераканаўся, ёй пільна трэба перазьняць вось гэтыя даўнейшыя строі.
Мы ўсё жыцьцё заглядаем італьянцам у твар, наведваючы музэі, але цяпер, калі б толькі жанчына ў бальконнай раме падняла на мяне вочы, я зрабіла б выгляд, што ня бачу яе, — я не адпавядаю ейнаму творчаму моманту, яшчэ тут не асвойталася. Ну проста catastrofe sociale! Я амаль бачыла, як нехта здымаў з майго каменнага пляча хатуль клопату, той, што я і мае суродзічы заўсёды носяць з сабой, адрываў сільлю рукі з пасінелымі пазногцямі ад калымажкі, у якой кожны з нас валачэ гістарычны досьвед: арышты, ссылкі, войны. I нічога ня варта тое, што цяпер ты вядомая архітэктарка, нядаўняя жонка буйнога прадпрымальніка, бо ты нарадзілася ў зямлянцы і пра цябе было сказана ў маленстве: не сябруй зь ёй, яна жабрачка. За мной сьціпла цягнецца цугам мой сялянскі род, жывыя і мёртвыя, яны пільнуюць, каб надта далёка не адскочылася, не забылася на іхныя бядоты. На пытаньне, што новага, адказваем сьпехам пра хваробы, няўдачы. Бо калі толькі каму пахвалюся, што маё дзіця здаровенькае, яно адразу захварэе, сказала неяк адна маладая прыяцелька. Мы самі, дарослыя, ня ўпэўненыя ні ў чым, і гэта перадаецца наветам малым безабаронным істотам. I так спрэс. За ўсё гэта мы ня любім адно аднаго, не давяраем: век замінаем самі сабе ў чэргах, у аўтобусах, на пляцоўках дому. Тым больш нам шкодзіць вясёлы брэх сабакі, чужыя прасьцірадлы — як ганьба. Кожны з нас у гэтым цывілізаваным сьвеце — кволае чалавечае дзіця: лёгка крыўдзімся, жалімся і гняўліва крыўдзім самі.
Бальконная рама ўжо апусьцела: пэўна, жанчыну паклікалі піць каву. Пэўна, так разыходзяцца па сваіх справах ноччу ў музэях жанчыны Рафаэля, Ларэнцэці — а хоць бы і грэбень у валасах паправіць перад люстэркам.
— Я яшчэ доўга буду цябе чакаць?
Дачка яшчэ не зразумела: тут нельга марна згубіць час, ён тут пражываецца без аскепкаў. А калі што і згубіцца, то нехта абавязкова падыме і… занясе ў музэй. Вядома, мы сьпяшаемся, але наш гаспадар (у яго мы хочам купіць дом) тэрмінова мусіў ад’ехаць.
Час не губляецца. Ёсьць сустрэчы, да якіх трэба рыхтавацца ўсё жыцьцё, чакаючы ў акне сусьвету, — яны ўжо быццам адбыліся. Ёсьць такія доўгачаканыя лісты — я іх ужо атрымліваю. Ёсьць і краіны — Італія. Я ледзьве вытрымліваю ейныя дысцыпліны, ня кажучы пра дачку. Хоць тут няма патрэбы карыстацца накшай этыкай, чым тая, якую ведаеш зь Бібліі.
Званы храмаў напамінкам. На вуліцах шчыльная людзкая плынь. Але пачуваешся надзіва бясьпечна: ніхто нікога не зачэпіць, не піхне — быццам чуюць адзін аднаго па ультрагуку, як птушкі. З вуліцы на вуліцу, бы з пакою ў пакой, асядаючы адпачыць, пагаварыць на лавах, на прыступках, проста пад сьцяной на зямлі — якраз час сыесты. I дождж скрыльля не замочыць, бо дармавыя парасьнікі ля кожнай крамы, гатэлю, кавярні. Ніводнага пахмурнага твару: пакутаваць, смуткаваць — разам з Богам; з братам — весяліцца, радавацца, што адпавядае запаветам сьвятога Францішка з Асызы, апекуна гэтых людзей і гэтай зямлі. Збочыш няўцямна на маленькі панадворак, пачуўшы музыку, і ніколі не згадаеш, зь якога акна гукі, бы фартэпіяна недзе проста ў кустах. I наагул, адчуваньне, што ты трапіў на вясёлы баль, а сам прыехаў… у гарбузе, запрэжаным тараканамі. I ніяк не ўдаецца знайсьці пэўны жэст, адпаведна апрануцца, бы пасьля манаскага габіту. О Божа!
— Ты ўжо даўно ня носіш гэткіх шырокіх спадніц! — спрабуе спыніць мяне дачка ў краме.
Не зважаю, яна не здагадваецца, што я паралельна жыву і ў нерэальным сьвеце, дзе нашу зусім накшыя ўборы — і неабавязкова набедраныя павязкі і скуры, што ёй лягчэй за ўсё ўявіць. Стары, малады — мы ня ведаем веку сваёй душы.
На вуліцах час ад часу зьяўляецца чалавек у інваліднай калымажцы, пасярод людзкой плыні, пасярод плыні машын. Заўсёды нечакана на гэтым балі, бо сэрца ўжо пільнуецца толькі весялосьці. Заўсёды з аднолькавым выразам твару, — паляруш? Упаўдні яму цяжка ўтрымаць галаву, яна зьвяла хіліцца на плячо, бы ад сонца, і чалавек спыняецца там, дзе яго сон засьпеў, ледзь пасьпеўшы крыху ад’ехацца ўбок. Чыста апрануты, дагледжаны; нехта рупліва выпраўляе яго з дому, як з пакою ў пакой, да людзей, аслабаняе сабе рукі з спакойным сэрцам. Ніхто тут не сумняецца, што ён мае вартасьць у боскіх вачах. Чую, у кавярні хтосьці называе ягонае імя (Марчэла), і гаспадар сьпешна выходзіць на вуліцу, абслугоўвае. Скора вярнуўся і раптам засьпяваў уголас, мэлёдыя незнаёмая, але пазнаеш, што гэта працяг той, што гучала ўвесь час унутры і нарэшце вырвалася з уздыхам.
Пакутаваць з Богам, з братам весяліцца.
Падыходзіць чарга і, пачуўшы “маю італьянскую”, гаспадыня дае мне рэшту проста ў руку і загінае пальцы, каб не ўпусьціла далоў, не згубіла, як малому дзіцяці. Буду потым прыходзіць сюды кожную раніцу, як па боскую ласку. I наагул тут не адчуваеш іншамоўя. Тут недастаткова веданьня мовы, як і недастаткова развагаў розуму, бо мае моц імгненнае ўражаньне вока ці несьвядомае адчуваньне цела, што звычайна найважней пры сустрэчы з блізкім чалавекам. Тут мне “перакладаюць” з італьянскай жабракі. Яны жывуць побач з статуямі сьвятых, багіняў прыгажосьці. На плошчах, на сходах храмаў — побач стварэньні чалавека і Бога. На твары жабрака годнасьць асобы, ён не ізгой, гэта быццам тая сьвятая беднасьць, якую выбірае чалавек сам, як сьвяты Францішак. Некаторыя маюць сабе сабаку, а то і болей, вунь і сучка са шчанятамі, акуратна захінутая пледам, каб не турбавалі турысты сваім подзівам, — маленькая гаспадарка. Хай сабе цяпло не ад агню, не ад ачагу, але цяпло жывой, даверлівай істоты стварае прытулак там, дзе б ты ні спыніўся на зямлі: дом там, дзе ты не адзінокі. У каталікоў сабака таксама мае душу — Францішак вярнуў да Хрыста ня толькі зьнявераных людзей, вярнуў і жывую прыроду. Вунь жабрачка падмывае хвасты каля ручайка маленькага фантану сваім гадаванцам, іх чацьвёра, — ранішні мацыён. Цывілізацыя (турысты) глядзіць на іх сьцішана, прагна, бы чакаючы сваёй чаргі недзе ў тропіках каля вадапою.
— Сыньёра! Падыміце голаў, пачакайце, я хачу бачыць ваш твар…
Але хіба я яшчэ ня ведаю, не пазнаю Італію з твару?!
Сюды жабракоў Бог пусьціў дзеля знаку, напамінку: кожны чалавек мае сэнс — сьвяты Францішак, ходзячы па зямлі, нават на каменьне ступаў з страхам і глыбокай пашанай, адчуваючы любоў да таго, хто назваў сябе каменем. Італія — гэта імгненьне, тая прасьветная гадзіна, калі нарэшце адпусьціць цяжкая хвароба: вызваліўшыся ад болю, крыўды, бядот, зьвяртаешся да дрэва, да птушкі, да мора, маючыся вымавіць з палёгкай галоўныя словы, словы любові.
— А вось у Англіі…
— А ў Англіі, каб ты тое ведала, забаранілі галубоў на плошчы і звольнілі чалавека, які іх карміў! А Карэя скінула ракету каля Японіі і патлумачыла сваю нявіннасьць тым, што ў гэтым месцы нэўтральныя воды. Хіба ёсьць нікім не заселеная вада? Як і лес ці поле?
О, менавіта тут будзе мой дом! Нарэшце ён спэўніцца. Зморана спыняюся, засынаю на хаду, як смоўж, быццам усё яно з мной.
Заходжуся ў xpaм, дачка застаецца на вуліцы. Цёмна, рознакаляровыя шкельцы вітражоў высокіх вокан ледзьве прапускаюць сьвятло, гараць ахвярныя сьвечкі. Здагадваюся, што храм сёньня адпачывае, але ж дзьверы не на замку. Анікога, толькі пад паднябеньнем галасамі птушак перагаворваліся анёлы. Кленчу, жагнаюся, рука цяжкая, бы ёю хто водзіць. “Ойчэ наш, ктуры ест…”, — адчуваю, што вымаўляю знаёмыя словы зусім інакш, не па памяці, калі амаль губляеш сэнс слоў ад звыкласьці, бегласьці вымаўленьня, гаворыш звычайна, хапатліва, ні да кога не зьвяртаючыся — ня бачачы Бога перад сабой. Цяпер я быццам паўтарала словы за тым, хто стаяў побач, і, ня ведаючы, што казаць далей, чакала голасу, каб тураваць.
Адчула, нарэшце, што тэкст, завучаны ў дзяцінстве, ёсьць МАЛІТВАЙ.
Адыходзячы, заўважаю постаць у манаскім габіце. Але ж не было чуваць крокаў?! Выйшаўшы, чытаю: гэта касьцёл сьвятога Францішка.
Наведваемся сюды ў часе службы. Стары ксёндз сустракае сваіх парафіянаў у дзьвярах. Вось вядзе дзяўчыну, праз увесь храм да лавы, выпусьціў ейную руку наастатку, бы выпусьціў птушку, ледзь прыўзьняўшы ўверх, дзе болей паветра, прасторы, каб разьвінуліся крылы.
— Нам абавязкова трэба трапіць у Ватыкан!
— Ватыкан яшчэ пакуль не мая парафія… Я яшчэ толькі пацеры навучылася мовіць…
Я блазную? У Ватыкан трэба ісьці не праз гандлёвыя шэрагі — у нас жа наўме купіць дом. Я яшчэ не намацала нагой таго намоленага шляху да Ватыкану, ён павінен пачынацца ад самага твайго парогу, адкуль ідзеш.
У кавярні, куды зайшліся выпіць экспрэса па-італьянску, дзяўчынка гаспадыні падносіць нам папяровую сурвэтку. На ёй флямастэрам нашыя партрэты — дзьве скіфскія каменныя бабы! Мы сьмяемся разам, нарэшце разьняволена, моцна, з нас цешыцца старая італійка насупраць, бы нарэшце ўдалося-такі зьняць з гэтых нетутэйшых пахмурных істотаў нейкай невядомай тут моцы праклён. Яна нешта да нас гаворыць, чую шапаценьне капяжу, няўлоўны дотык да маіх перасохлых вуснаў — мова вакол шумела вадаспадам.
Увечары плынь людзкая значна гусьцее. Каля ўваходу ў кавярні, рэстарацыі запальваюцца сьвечкі, Марчэла далучаецца да ўсіх і едзе па вуліцы, быццам таксама шпацыруючы, крыху падняўшы голаў. Плынь запавольваецца. Людзі рухаюцца, як у водавароце, пераходзяць адзін да аднаго, пакуль ня знойдзецца супольная бяседа — па два, па тры, — ужо толькі спыніцца і размаўляць. Нехта раз-пораз віхне каля цябе на ровары, насьвістваючы начной птушкай, — не зачэпіць.
Засынаючы, чуеш, як грукаюць дзьверы, — пэўна, вярнуўся дамоў Рыгалета, і надзіва робіцца ўтульней у ложку і спакайней, як было ў дзяцінстве, калі старэйшыя ў сям’і клаліся спаць апошнімі, пільнуючыся, пакуль ты абасьнеш.
Ёсьць нейкая асаблівая інтымнасьць нават у тым, калі зазіраеш, расхінаючы лісьце прымулы на падваконьні, знаходзіш сонныя пупышкі кветак, скручаныя маленькімі зародкамі ўва ўлоньні. Калі няўцямна бярэшся паліваць гіяцынт, кветку дажджу, менавіта тады, калі за акном ідзе дождж. Калі сядаеш у аўтобус разам зь незнаёмымі людзьмі, што едуць у Вальтэру. Нарэшце паглядзець дом, ён паблізу Вальтэры.
Дарога ўвесь час пад гару, крутыя адхоны, ты ў паветры, толькі што не на самалёце, незнаёмае дагэтуль пачуцьцё ўзьнёсласьці, пэўна, як у часе клінічнай сьмерці. Тая пара вясны, калі ў садох падразаюць аліўкавыя дрэвы. Насустрач зусім блізка ляціць з мутой ручай, варочае камяні, бы шукаючы, як мы ў дзяцінстве, вягалаў. Але анівошта ня можа мяне вярнуць назад, да былых зямных змыслаў.
Нарэшце спыніцца, нарэшце намацаць пад нагой токі гэтай зямлі, якія шукаюць выйсьця ў шумлівых гаворках тутэйшых людзей, вырываюцца выбухамі сьмеху, гучаць мэлёдыяй!
Вунь той дом, на пагорку, паказвае гаспадар. Быццам блізка воку, але нас адносіць хваляй пагоркаў то ўбок, то ўніз. Дарога размыта дажджамі, няма сьледу, сюды можна дайсьці толькі сэрцам. Ужо тая дарога цераз маё плячо — яе цягнеш як на сабе. Вось і ён, Дом, з высокім каменным ганкам, зялёныя аканіцы, — Дом, да якога ішла ўсё сваё жыцьцё. Рухалася, як на інваліднай калымажцы, а мне, сьмеючыся, кідалі ў пеляну каменьне — я зь яго спрабавала скласьці падмурак. Паказвалі пальцамі ў другі бок, калі губляла дарогу, блудзіла. Падвязвалі пустую кансэрвавую бляшанку ззаду да кола, як паблажлівай істоце. “Празь якіх пару гадоў я буду стары дзед, дай мне пабыць яшчэ шчасьлівым”, — сказаў муж і пайшоў да маладой…
Дом у два паверхі, быццам чужыя сьцены, ты іх ня ўзводзіў, але яго яшчэ не пакінуў Бог. Высьлізганыя парэнчы, старая мэбля, дзе-нідзе шчарбатая цэгла, толькі гэта ўжо як дэкор, сьведка стагодзьдзяў — антык, яго не хаваюць пад слоем сучасных фарбаў, — як той казаў, чароўнасьць расколіны. Нарэшце збылася туга па старым доме! Цяпер толькі так: вечар, лямпа на доўгім дубовым стале і — гаварыць, гаварыць бясконца аб тым, што начны лівень змыў зямлю з карэньня яшчэ сонных ружаў, што ў адным месцы цячэ страха. Замаркоціцца крыху і падумаць: а ці не напісаць ліст у Менск? Падняць медзяную жэзву, выпушчаную з рук былой гаспадыні, набраць вады, паставіць на агонь. Дома я ўсё гэта рабіла сьпешна, бяз густу, пужалася, што мала часу маю на тое, шкадуючы яго на дробязі. Цяпер я вылечылася ад пуду, чым бы ні займалася: я гатую каву, я “выхоўваю сад”, і не на францускі манер, — тут ён звычайна нязмушана пераходзіць да самой прыроды. Я распальваю камін — робіш работу, быццам чытаеш вершы. Кожны мой pyx адбіваецца ў вечнасьці, бы ў люстэрках. Нічога тут не губляецца — ты цяпер звычайная служыцелька свайго храму быцьця, дрэва, каменя. Засталося толькі выставіць на тэрасу крэслы, сесьці на ровар (кошык замацаваць сьпераду ці ззаду?) і — па рыбу ў Вальтэру! Ці да мора, туды, дзе яно не ўпіраецца лобам у каменны парапэт, як зачынены буйны зьвер, — да мора хочацца падысьці блізка, ступіць у ягоны вільготы сьлед у часе адліву. На электрычцы — у Вэнэцыю! З самага ранку, каб пасьпець дамоў завідна, як, бывала, з поля ці зь лесу. Заглядаць у твары карыятыдаў, багіняў прыгажосьці, — xтo яны? у чым? што трэба? як? каб табой любаваліся? Падняць руку, закінуць за голаў, каб грудзі выглядалі гронкамі?! Я ня ведаю такіх таямніцаў, да мяне не дайшлі запаветы Творцы: сачыць, пераймаць прыгажосьць лілеяў і птушак нябесных, чым кіруецца зь дзяцінства кожная італьянка… Вярнуцца ў дом, поўня запаліць свой ліхтар, усю ноч пераносіць яго з пакою ў пакой. Агні няблізкіх селішчаў у гарах, на пагорках — ноччу яны ўсе ў небе, толькі што бліжэйшыя за зоры. Крыжавіньне аконнай рамы ляжа каля босых ног. “Я выйму з вас сэрца каменнае і дам вам сэрца плоцкае…” — чую сьвятога Францішка ў час пацераў. I ня спаць пасьля ютрані, каб пасьпець “прыпасьці да кожнай “меданоснай хвіліны быцьця”. Выйсьці ў поле, ахвярна разаслаць на траве настольнік, пакласьці дабультовую ежу, запрасіць птушак да столу і… пайсьці дамоў, пакінуўшы “гасьцей”, каб не перашкаджаць, — ахвяра хвалы.
— Мы купляем дом у правінцыі…
— У Італіі няма правінцыі! I наагул: Гётэ ані разу ня быў у вялікім горадзе, каб не парушыць свайго сьветаадчуваньня, свайго сьветапогляду.
— Я расчараваная…
— А я гатова тут вучыцца нават расчараваньню.
— Ты амаль з мной не размаўляеш…
Ня хочацца гаварыць, нешта абмяркоўваць, пражываеш гэтыя некалькі дзён, бы ўвесь час сьцішана мовіш пацеры. Дык што: калі табе бязь меры падабаецца вобраз жыцьця, вобраз мысьленьня, прырода — можа, гэта ўжо і ёсьць твая радзіма?!
Mы дамовіліся з гаспадаром, толькі што не разьлічыліся. Вярталіся ў горад, дзе былі спыніліся, апошнім аўтобусам. Апошнім? — гэтае слова раптам вылучылася з астатніх, набыло разьвітальны сэнс, быццам ад’яжджаеш назаўсёды. Адразу пазначыўся край твайго жыцьця, далей ты ўжо будзеш жыць, быццам атрымаўшы страшнае заключэньне доктара — дні твае палічаныя. Апошні?! Але на прыпынку людзі, яны… сядаюць у аўтобус? Яны вяртаюцца ў Вальтэру? Неверагодна! — чорная, коўзкая дарога, стромкія адхоны і ноч! Доўга стаю, углядаюся ў твары, праводжу і… быццам вяртаюся разам зь імі. Яшчэ ёсьць надзея. Ёсьць асабістая повязь паміж тымі людзьмі, зь якімі разам едзеш ДАМОЎ.
Сьвяты Францішак будзе суправаджаць маю душу ўсё астатняе жыцьцё — і ўвесь час горнай дарогай…
Прыехаўшы ў Менск, я баялася свайго твару, жэсту: мяне могуць не зразумець на вуліцы. I ня тое каб я “прыдбала мясцовыя характэрныя рысы”, стала італьянкай, але гэтая гатоўнасьць усьміхнуцца, загаварыць, прывітацца, быццам мы ўсе запрошаныя ў госьці і сустрэліся ў доме Гаспадара.
Часта стала сустракаць аднаго жабрака. За плячыма перацятыя вяроўкай папяровыя скруткі, кардонныя скрынкі, сабраныя на сьметніках. Усё гэта тырчыць, кратаецца на ветры, бы скрыльле, — лятучы жабрак?! I крочыць ён заўсёды павольна, навобмацкі. Сустракаю на адным і тым жа месцы, у адзін і той жа час, бы адлюстраваньне зь іншых зямель. Адважваюся даць яму крыху грошай. Ён спыніўся, ветраючы скрыльлем, узрадаваўся. Стаім, сьмяёмся над гэтымі грашыма, абое разумеючы ў жыцьці большае за ix і радыя ім як прычыне спаткацца — загаварыць, усьміхнуцца, прывітацца…
Дасылаю тэлеграму ў Італію з адмоваю ад куплі. Уваходжу нарэшце ў свой ЧУЖЫ дом і спрабую жыць інакш, чым было дагэтуль. Адшукаць на дзедавым гарышчы куфры даўнейшыя, ручнікі, лубкі, латкі, церніцы. Toe, што зблоцілася праз маю нядбайнасьць, узнавіць, перазьняць, як у акне седзячы з іголкай. Падняць старое кола ад тарантаса і па ім згадваць поры году вечнасьці. Я не адракаюся ад самай маленькай чалавечай ролі, бо нам даецца плоцкае сэрца замест каменнага ня толькі дзеля нас саміх.
Калі ж зрэдку выпадае ад’ехацца за мяжу і адчуць, што там таксама нешта ўразіла, прытрымліваю сэрца, не пускаю далей парогу, бо інакш, выдаецца, ужо буду любіць Італію ня ўсёй душой.
Ляпаюць раз-пораз дзьверы. На дзявятым паверсе, нада мной, новыя жыхары, новыя гукі — пэўна, нехта гуляе ў тэнісны мячык. Гэта немагчыма! — ну проста псыхічнае атачэньне! Трэба пайсьці пасварыцца! Пастукаць па батарэі! Але… Але надзіва ўдаецца ўявіць, шго гэта на маёй страсе гуляе дуронае кацяня…
—
Крыніца: ARCHE 3(26)-2003
Ёсьць яшчэ два аповеды:
• Партрэт невядомай. Марыя Вайцяшонак
• Марыя Вайцяшонак «Восень мая доўгая…»
За чытанку дзякую Антаняну.

January 6th, 2006 at 9:12 am
О Марыя Вайцяшонак! Яна цудоўна піша, прынамсі два апавяданні, якія я чытала ў Архэ мне вельмі спадабаліся… Гэты пакуль не асіліла, эх сэсія, трэ вучыцца :)
January 6th, 2006 at 10:57 am
“трапілася на вочы” аўтарка
“патрапіў у Амэрыку” вы
Слова ‘патрапіў’ не знойдзеце ні ўводнай кніжцы надрукаванай да 1980 года.
January 6th, 2006 at 10:58 am
‘трапіць у Ватыкан’ - таксама аўтарка
January 6th, 2006 at 1:32 pm
1) А слова “распаўсюд” не сустрэнеце ў ніводнай крыніцы да 1999 году, ну і што? :)
2) Наконт “трапіць” ня ўпэўнены. Гэта вельмі старое слова, якое прыйшло зь нямецкай (праз польскую?): treffen (sich) - trafic (sie) - trapic (sia). Няўжо вы хочаце сказаць, што гэта наватвор?
January 6th, 2006 at 3:53 pm
2Vital Voranau:
Перада мной 4 том ТСБМ (1980), там на “патрапіць” паўслупка, 4 значэньні. Аўтары прыкладаў: (1: папасці, пацэліць) Сабаленка, Пташнікаў, (2: апынуцца, трапіць) Лынькоў, Хадкевіч, (3: дагадзіць, унаравіць) Скрыган, Кулакоўскі, (4: змагчы, здолець, даказаць) Купала, Шырма, Колас, Танк.
У Насовіча “потрапиць, гл. ср. сов. в. Попасть. Потрапиць на дорогу. Потрапивъ сказаць” (с. 484).
І г.д.
January 6th, 2006 at 6:10 pm
Гэта зусім два розныя словы - трапіць як вы кажаце вельмі старое і адзінае для гэтага кантэксту (рас. попасть). Патрапіць у значэньні трапіць, не знойдзеце ні ўводнага шанаванага пісьменьніка. Майстры слова такіх памылак не дапускаюць, затое іх хапае ў моўнай практыцы сёньняшніх беларускамоўных, для шмат якіх родная мова вывучаная.
Патрапіць - змагчы, умець, здолець.
‘каб прэтэндаваць на веданне мовы, не досыць толькi патрапіць расчытаць текст’
‘Маскаль згадзіўся на гэта, бо думаў, што народ дурны і патрапіць яго ашукаці!’ Кастусь Каліноўскі
‘мужык, пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе’
‘Ці патрапіць Байдачны выправіці сытуёвіну?’
‘ніхто не патрапіць зрабіць новае так скора і так гладка, як блатныя, што яе прыйме’
‘Мая ж віна ў тым, што я не патраплю перажыць гэты досвед у веры’ Авэ Марыя’
‘так і падумала, але не сказала, бо пабаялася, што не патраплю вучоным па-вучонаму’
‘Гэта і я патраплю, бо гэта з кожнага календара можна даведацца. НЕ ЗЬДЗІВІЛА. Жонка будзіць мужыка: — Іван, чуеш: пеўні сьпяваюць. Ўставай!’
‘Не патраплю нічога жалець на свеце’ Янка Купала
January 7th, 2006 at 4:02 am
2Vital Voranau:
Вось падборка цытат, пераважна з ТСБМ:
Тып гэты — з тых, як гаворыць Андрэй, «землячкоў», якім пашанцавала патрапіць на цёплае месца, прыжыцца там і нават трохі «распанець» (Я. Брыль, Птушкі і гнёзды).
Усе яшчэ спалі, толькі Вара, пазяхаючы, цаляла рукой у рукаў ватоўкі і ніяк не магла патрапіць. Сабаленка.
[Арцём:] — Мне і не снілася, што патраплю на вяселле! О, на суседавым вяселлі пагуляць прыемна! Чыгрынаў.
У Клавы кіпела жаданне хапіць што самае першае патрапіцца пад рукі. Чорны.
— Хто ж яе ведае? Ці мала што можа патрапіцца ў нашым жыцці, — казала адна жанчына. Галавач.
Людзі стараліся патрапіць след у след, каб лішне не ісці цаліной. Лынькоў.
[Кapнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць. Крапіва.
У час землетрасення Змяя патрапіла ў бяду: Засыпала ўсе вылазы каменнем, He выпаўзці па харч і па ваду. Валасевіч.
А вось цалкам артыкул на “патрапіць” з ТСБМ:
ПАТРАПІЦЬ, -плю, -піш, -піць; зак. Разм.
1. Папасці, пацэліць.
Агата, як утрапёная, бегала па хаце, нацягвала на сябе кофту, але не магла патрапіць у рукавы. Сабаленка.
[Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву. Пташнікаў.
2. Апынуцца дзе-н., трапіць куды-н.
Калі каму трэба патрапіць на самы бераг да рачных трамваяў, трэба пераходзіць па спецыяльных жалезных мастках, перакінутых праз вуліцу. Лынькоў.
— Ну і дзіва! Як гэта ты [Анэтка] патрапіла да нас? Хадкевіч.
3. Дагадзіць, унаравіць каму-н.
— Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. — Можа, не патраплю я вам? Скрыган.
[Чарнавус:] — Я так і на сходзе сказаў: старасць! He магу я ўжо цяпер паспець усюды, патрапіць усім… Кулакоўскі.
4. Змагчы, здолець зрабіць што-н., даказаць што-н.
Я б патрапіў сказаць, Што і я чалавек, Што і мне гараваць Надаела ўвесь век. Купала.
Путрамант падкрэслівае, што Танк першы ў заходнебеларускай літаратуры патрапіў глыбока ўнікнуць у стыхію беларускай мовы і тварыць з яе высокія мастацкія вартасці. Шырма.
Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ. Колас.
[Раіна:] «Заруба маніць вам, Бо толькі я патраплю адшукаць Дарогу ў лагер, ведаючы там І дрэва кожнае і кожны пень». Танк.
@ Патрапіць у тон (пад густ) — сказаць ці зрабіць што-н. дарэчы, прыемнае каму-н.
Анатоль адказваў скупа, быццам баяўся не патрапіць .. [Рыгору] у тон. Асіпенка.
Захоча Богут, эробіць ласку, Адно патрап яму пад густ. Колас.
Ваша права — не любіць гэтае слова (у значэньнях 1-2 паводле ТСБМ), не ўжываць яго самому і заклікаць да гэтага іншых. Але цьвердзіць, што “патрапіць у значэньні трапіць, не знойдзеце ні ўводнага шанаванага пісьменьніка” — проста памылкова.
October 17th, 2006 at 6:22 pm
Ой!.. сёньня такі халодны вечар, і раптам з-за акіяну вецер прынёс мне ў маю вёску вашыя цёплыя словы. абдымаю вас вельмі расчулена. усяго вам найлешага на вашай асабістай плянэце.