“Газпром”, Шрэдэр і “Наша Ніва”

У англамоўнай частцы дзёньніка я на гэтым тыдні неаднойчы зьвяртаўся да тэмы “Газпрому”. Тут я не пісаў пра гэта, бо не было часу перакладаць з ангельскай, украінскай і расейскай усю тую цікавую і часам супярэчлівую інфармацыю пра газавыя спрэчкі. Але вось жа журналіст “Нашай Нівы” Алесь Кудрыцкі, які цяпер знаходзіцца ў сталіцы Белай Галяндыі Бэрліне, напісаў пра Герхарда Шрэдэра рыхтык тое, што я хацеў напісаць сам пра гэтага лепшага камарада галоўнага расейскага кагэбэшніка…

Злавесны цень Шродэра над газавым канфліктам:

Пра што думаў экс-канцлер, абдымаючыся з Пуціным бяз гальштукаў ды плянуючы газавы гешэфт — пра краіну ці пра пэнсію? Калі Шродэр нават на градус зьмяніў палітычны курс краіны ва ўласных мэтах, для немцаў як эўрапейскай нацыі гэта непрымальна. «Палітычнае маўчаньне ў адносінах да Расеі акупілася для сп.Шродэра фінансава», — зьедліва адзначыў кіраўнік партыі зялёных Райнгард Бютыкофэр. Новая пасада — гэта «грошы за маўчаньне пра генацыд у Чачэніі і паступовае задушэньне свабоды ў Расеі», — кажа Бэрнт Посэльт, эўрадэпутат ад партыі ХСС. Шродэра не ўхвалілі нават аднапартыйцы. «Я б так не зрабіў», — сказаў віцэ-прэзыдэнт Бундэстагу Вольфганг Тырзэ ў інтэрвію тэлеканалу ARD. Адным сваім крокам Шродэр кінуў цень на сябе самога, на адзін з найбуйнейшых у эўрапейскай гісторыі энэргетычных праектаў, а таксама на ўсю нямецкую ўсходнюю палітыку апошніх гадоў.

Шродэр прыдбаў сабе цёплае месьцейка, але пахне яно непрыемна. Кіраўнічым дырэктарам Паўночнаэўрапейскага газаправоду прызначаны Матыяс Варніг, кіраўнік прадстаўніцтва Дрэздэнскага банку ў Расеі. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што, паводле афіцыйных зьвестак, Варніг у 1970-х — 1980-х «працаваў штазі», даслужыўшыся да чыну маёра. Як старшыні камітэту акцыянэраў Шродэру не пазьбегнуць цеснага супрацоўніцтва з Варнігам.

У дадатак да ўсяго, газаправод зарэгістраваны не ў Расеі і не ў Нямеччыне, а ў швайцарскім кантоне Цуг, сусьветна вядомай афшорнай зоне. Інакш кажучы, структура, якая будзе забясьпечваць газам Нямечыну і ў якой будзе працаваць яе былы канцлер, ня дужа прагне плаціць падаткі. Дадайце да гэтага новае амплюа «Газпрому» як газавага душыцеля новых эўрапейскіх дэмакратыяў.

Далей варта зьвярнуць увагу на артыкул

Ці бел- «…трансгаз»? — у недзяржаўных СМІ шырока абмяркоўваецца магчымасьць таго, што ў Сочы Лукашэнка здаў “Белтрансгаз” расейцам, і такім чынам забясьпечыў танны газ і падтрымку на трэці тэрмін. Выглядае праўдападобна.

І апошняе, зьвярніце ўвагу на “50 радкоў рэдактара” (хоць і занадта патэтычная, але па зьмесьце вельмі правільная) і на гэты заклік да ахвяраваньняў, у тым ліку ад тых, хто зьбіраецца чытаць “Нашу Ніву” праз інтэрнэт.

Я асабіста ахвяраваў невялікую суму ў далярах, якую перадаў у рэдакцыю NN мой калега. Гэта першая ў гісторыі беларуская газэта, якой сёлета спаўняецца 100 гадоў. Трэба падтрымаць яе ў гэты цяжкі год.

One Response to ““Газпром”, Шрэдэр і “Наша Ніва””

  1. parteigenosse Says:

    Матыяс Варніг у 1970-х — 1980-х як агент выведкі ГДР Штазі працаваў у шчыльным супрацоўніцтве з Уладзімірам Пуціным, у той час супрацоўнікам рэзыдэнтуры КГБ СССР ва ўсходнім Бэрліне.

Leave a Reply