Маленькае цэнтральнаэўрапейскае цунамі

(Disclaimer: караценькі аповед пра сёньняшняе здарэньне ў Празе. Пэўна будзе цікава толькі жыхарам Прагі. Дробныя радасьці офіснага работніка.)

Раніцай ідучы на працу паспытаў нейкія дзіўныя аўдыёсэнсарныя адчуваньні. Замест шуму аўтамабіляў у паветры адчувалася нейкая дзіўная страшнаватая цішыня, прычым ня поўная цішыня, а вусьцішная прыглушанасьць. У выходны дзень або на сьвяты так бывае, але тады проста ціха, а сяньня адчувалася менавіта прыглушанасьць усяго — як быццам я чую вуліцы Прагі праз падушку, як быццам мне абкруцілі голаву махровым ручніком.

Прыслухаўся — пачуў нейкае шыпеньне. Падумаў нават, што ў мяне заклала вушы, як пры доўгім пералёце на самалёце, паспрабаваў зглытнуць для ўраўніваньня ўнутранага ціску, з нулявым эфэктам. Падыходзячы да офіснага будынку PriceWaterhouseCoopers пачуў, што шыпеньне пакрысе грамчэе. Выйшаў на І.П.Паўлава і зьнянацку раскрыў рот ад зьдзіўленьня — замест вуліцы ўтварылася бурная брудная рака — бурлівая і хуткая, як нейкі горны селевы паток. Месцамі па калена глыбінёй. З-за шуму вады амаль нічога не было чуваць.

Я дастаў фоцік і пачаў рабіць здымкі. Потым спыніўся, дастаў мабілку, разбудзіў тэлефонным званком жонку і загадаў, каб напоўніла вадой усю шклотару, якая ёсьць у кватэры. Яна спусьцілася на першы паверх кватэры і сонным голасам паведаміла, што вады ўжо няма (дакладней, яшчэ ё, але зь пяском і вельмі кволы струменьчык). Я сказаў ёй хуценька зьбегаць да віетнамцаў і купіць негазаванай “Банаквы”. За два разы любімая жонка прынесла 18 літраў.

Яшчэ пару хвілінаў я паздымаў нашае “цунамі” на відэа і пачаў думаць, як-бы перабрацца на другі бераг з нашай “выспы”. Гэтая праблема займала ня толькі мяне: на пераходзе ўжо стаяла чалавек пяцьдзясят. Многія падаставалі мабілкі: адныя фоткалі, другія ўзбуджана расказвалі пра здарэньне… Нейкі настаўнік абвясьціў вучням, якія хадзілі ў “культпаход”, што заняткі адмяняюцца. Дзеці пачалі бурна радвацца. Хлопцы зь дзелавым відам глядзелі на водны паток і казалі “от, курва!”

Прыехаў паліцыянт і перакрыў выезд на Вышэград, адкуль цякла гэтая горная брудная рака. Цікава было глядзець, як ён у сухіх начышчаных лякіраваных ботах ступіў у ваду і пачаў па калена ў вадзе крычаць на вадзілаў, якія спрабавалі праехаць у бок Вышэграду.

Я перабраўся на другі бок, злавіўшы “папутку” і праехаўшы на ёй дзесяць мэтраў на другі “бераг”. Па дарозе на працу яшчэ два разы прыйшлося пераскокваць праз 2-3 мэтровыя ручаі. З вакна офісу было відаць, што аўтамабільныя пробкі расьцягнуліся на некалькі кілямэтраў ва ўсе бакі…

Увечары ідучы дахаты заўважыў, што вуліца ўжо цалкам перакрыта. Вырашыў прайсьціся да Вышэграду, каб знайсьці “крынічку”. Каля піцарыі “Pizza Go Home” стаяў грузавы аўтамабіль зь вялікай белай цыстэрнай і блакітным надпісам “Pitna voda” (пітная вада). Праз сто мэтраў знайшлася і крыніца. Будаўнікі ўжо раздаўбалі прынамсі 50 квадратных мэтраў асфальту і паглыбіліся мэтры на чатыры. Унізе каля таўшчэзнай трубы нешта рабілі пяцёра рабочых. Працаваў экскаватар, вычэрпваючы ваду зь пяском. Падымаючы коўш, экскаватар кожнага разу распыляў у паветры дробныя кропелькі вады і пылу, ствараючы воблака з бруднага туману. Удыхнуўшы гэтую завісь, я закашляўся і са зьдзіўленьнем адзначыў, што рабочыя ў яме працуюць без рэспіратараў.

Я здымаў гэта ўсё на камэру побач з камандай першага TV-каналу чэскай тэлевізіі, аж пакуль паліцыянт не падышоў да мяне і не спытаўся: “А ты хто такі ўвогуле?”

Вось жа цяпер п’ю гарбату ў цяпле і пралядаю фоткі ды аматарскае відэа памерам 37-мэгабайт пад працоўнай назвай “хваля цунамі ўдарыла па гістарычнаму цэнтру Прагі”. Вада ўжо ёсьць, але напор зусім слабенькі, танюсенькі струменьчык. Відаць, нас падключылі да нейкай альтэрнатыўнай аварыйнай сыстэмы вадазабесьпячэньня.

One Response to “Маленькае цэнтральнаэўрапейскае цунамі”

  1. Рома Says:

    Мда,Прага пострадала конкретно

Leave a Reply