Рэфлексія пра блоґінґ

Прагледзеў свой папярэдні зьнішчаны (дакладней кажучы, прыхаваны) дзёньнік. Палез шукаць нататкі на “вечныя” тэмы, якія можна было-б разьвіць і перадрукаваць у гэтым блоґу, і быў жорстка расчараваны. Амаль няма такіх запісаў. Быў зьбянтэжаны плыткай сіюмінутнасьцю пераважнай бальшыні запісаў, а таксама бессэнсоўнай прапаґандай (напрыклад, тая-ж сэрыя брыдкіх навінаў пра Белую Галяндыю пасьля няўдалай 2-гадовай вылазкі ў гэтую краіну). У комэнтах убачыў сваю нястрыманасьць і аґрэсіўнасьць, якую тады ўпарта ня бачыў, баронячы тую сваю онлайнавую неадэкватнасьць нібы асабісты гандлёвы знак… Дык не шкадую, што я гэны дзёньнік схаваў. Можа варта было-б спаліць у печцы. Толькі Ґуґл і web.archive.org не дадуць гэтага зрабіць.

Мне самому і, мажліва, чытачом было-б цікавей, калі-б я пісаў на больш глыбокія і філязофска-навуковыя тэмы, не хапаючы тэмы з паверхні ці зь першых радкоў навіновых стужак. А праверыць запіс на сіюмінутнасьць можна, спытаўшыся: “ці будзе ён цікавы празь месяц, праз паўгоду, празь дзесяцігодзьдзе?”

У гэтым пляне мне падабаецца фармат Вікіпэдыі — вось я, напрыклад, задумаўся над нейкая тэмай ці праблемай, зацікавіўся, прачытаў розныя крыніцы па сабжы, напісаў артыкул, апублікаваў у Вікіпэдыі… Іншая справа — што потым адбудзецца з гэтым артыкулам у рамках адкрытай для рэдагаваньня энцыкляпэдыі, але-ж можна пісаць у свой уласны блог у фармаце падобным да Вікіпэдыі.

Яшчэ адзін цікавы для мяне фармат — аповеды-мініятуры з жыцьця. Можна пісаць пра рэальныя падзеі ў стылі “фікшн”, зьмяняючы імёны, каб не падстаўляць прататыпаў. Але мне здаецца, што я не гатовы да гэтага ў пляне літаратурна-пісьменьніцкай падрыхтоўкі. Баюся, што выйдзе графаманства.

І яшчэ адна думка (ад адваката д’ябла): а можа тая сіюмінутнасьць усё-ж патрэбная? Бо, урэшце, тыповы блог — гэта нешта сярэдняе паміж СМІ, рэдактарскай калёнкай і асабістым дзёньнікам. Так што чытач, магчыма, чакае на гэты элемэнт сіюмінутнасьці, які ўважае неад’емным элемэнтам жанру. Гэта можа адбіцца і наведваньні: бо інакш навошта чытачу заходзіць сюды кожны дзень, калі тут пішуць пра “вечныя” тэмы — ён можа прыйсьці і праз тыдзень, і празь месяц, і праз год. А калі ў блогу ёсьць навіны, то ў чытача, праўдападобна, будзе матывацыя чытаць блог штодня і абмяркоўваць актуальныя тэмы ў комэнтах (і пляваць на тую “вечнасьць”).

Дысклэймэр: гэта амаль нерэдагаваны струмень сьвядомасьці, начная рэфлексія на тэму блоґінґу. Калі маеце цікавыя думкі на гэты конт, буду рады выслухаць.

3 Responses to “Рэфлексія пра блоґінґ”

  1. endrus Says:

    Мне падабаецца твой англамоўны блог. Лічу, што англамоўных блогаў на тэму Беларусі ня проста не хапае, а крытычна бракуе!
    Тыповасьць блогаў цяпер, як мне падаецца размываецца. Прынамсі, у англамоўным інтэрнэце блогі бываюць даволі прафэсійныя (з гледзіва традыцыйнай журналістыкі).
    Праблема беларускіх блогераў, што яны\мы дужа рэдка паведамляем навіны, куды часьцей перадрукоўваем і проста пішам нейкія свае развагі/камэнтары.
    Блог найцікавейшы тады, калі ён сам breaks news. А такіх мала.

    ЗЫ: Ці атрымаў ты маё запрашэньне на фокус групу?

  2. maryjka Says:

    Яно ўсё так:)
    твой блог чыталі як навінны рэсурс.
    У мяне палова запісаў такія ж. Ёсьць і горшае - інфармацыя, абсалютна непатрэбная па-за межамі ЖЖ, ці, шырэй, сеціва…

  3. Aharoni Says:

    I found your site through browsing other sites related to Belarusian language and politics. Probably, that’s how most of your readers found it. You don’t just copy&paste other news sites, but also add your own commentary, and show it in European perspective, so it certainly has added value.

Leave a Reply