Borland && Turbo Pascal

Сёньня стала вядома, што “Борланд” прадае свой аддзел па распрацоўцы IDE (Integrated Development Environment) і болей ня будзе падтрымваць і прадаваць Delphi, C++ Builder, C# Builder, JBuilder, Kylix ды InterBase. Так вырашыў Тод Нільсэн, CEO, які кіруе кампанія менш, як 100 дзён.

Паводле розных ацэнак, “Борланд” плянуе атрымаць ад 60 да 100 мільёнаў даляраў ад продажу гэтай часткі бізнэсу. Кампанія плянуе сфакусаваць сваю ўвагу на ALM (application lifecycle management), аказваючы паслугі буйным бізнэсам у падтрымцы сафтвэру. Больш падрабязна піша пра гэта “eWeek” (па-ангельску).

Шкада, канечне. “Борланд”, фактычна, быў вынаходнікам і піянэрам самой ідэі інтэграванай абалонкі IDE. А мы амаль усе, беларускія вучні і студэнты з канца 1980-х, пачатку 1990-х вучыліся праграмаваньню на Turbo Pascal і іншых прадуктах “Борланд”.

Я ўпершыню пачаў пісаць кампутарныя праграмы менавіта на Turbo Pascal вэрсіі 5.0, яшчэ на старой савецкай машыне ЕС-1840. Праз пэўны час перасеў на IBM PC XT і пісаў праграмы на Turbo Pascal 5.5. А потым, памятаю, мой сябра А.К., які ўжо тады напісаў сваю ўласную вэрсію “Тэтрысу” (даволі прыгожую, з часткай коду на Асэмблеры), за грошы фірмы купіў аўтарызаваны непірацкі (!) камплект Turbo Pascal 6.0 з поўнай дакумэнтацыяй на ангельскай. Я памятаю, як ён сарваўся з урокаў у Ліцэі БДУ, і праз пару гадзінаў вярнуўся зь вялікай жоўта-сіняй скрыняй з дзясяткам дыскетак 3.5′ і паўтузінам кніжак. Я з трапятаньнем гартаў старонкі і марыў пра тое, якія вялікія праграмы я напішу з дапамогай новай парадыгмы — аб’ектна-арыентаванага праграмаваньня OOP…

3 Responses to “Borland && Turbo Pascal”

  1. Яўген Says:

    Шкада… І настальгія…

    Я прайшоў TP 3.02, 5.5, 6.0 (TurboVision), 7.0 (OWL), Delphi 1 - 4…

    Памятаю дзіцячае захапленьне, калі мне паказалі будынкі (тады) Inprise у Scotts Valley…

  2. endrus Says:

    Сапраўды шкада. Я некалькі гадоў працаваў на Delphi і крыху на іхным C++ Builder. Ведаю, некаторых сяброў-праграмістаў, што дагэтуль ёсьць вялікімі прыхільнікамі прадуктаў “Борланд”.

  3. ZmiLa Says:

    А я дык памятаю іхні Turbo Prolog - тады захапляўся рознымі Пралогамі, Ліспамі, Фортамі.
    Дарэчы дзякуючы Турба Пралогу я выйграў БДУшную алімпіяду па інфарматыцы :)
    з дапамогай TC мы рабілі заданьні па асэмблеру, пісалі код, потым глядзелі лістынгі, перайменоўвалі згенераваныя імёны і здавалі
    ну і вядома ж Turbo Pascal, на ім былі амаль усе лабы, на ім жа курсавую і дысэртацыю.

    мліна, і кожная з гэтых IDE зьмяшчалася на дыскетцы!
    а зараз 1.5ГБ інсталяшка для сэрвера (якая раскрываецца ў 5.5ГБ) і плюс 400МБ IDE (раскрываецца ў 2.5ГБ). і гэты цуд стартуе 20 хвілін на 4м пні з 2Г памяці. :(

    дзе падзеліся тыя людзі якія пісалі маленькія праграмкі?!

Leave a Reply