Тон вашых імэйлаў і пагроза флэйму
Псыхоляґі Нікаляс Эплі з Чыкаґскага Ўнівэрсытэту і Джасьцін Круґер зь Нью-ёрскага Ўнівэрсытэту ў апошнім нумары навуковага часопісу “Journal of Personality and Social Psychology” (Часапіс асобы і сацыяльнай псыхалёґіі) апублікавалі вынікі свайго дасьледаваньня зь якіх вынікае, што карыстальнікі электроннай пошты маюць толькі 50%-50% шанцы правільна вызначыць тон дасланага ім імэйлу. Пры гэтым чытачы мэйлаў у 90% былі ўпэўненыя, што слушна ацанілі тон дасланага ліста.
“Бальшыня флэймаў пачынаецца менавіта з-за гэтага”, — адзначыў доктар Эплі. — “Людзі з нашай групы былі ўпэўненыя, што правільна зразумелі тон пісьма, але пры гэтым вынікі іх былі ня лепшыя, калі б яны проста ўгадвалі тон, нават не чытаючы ліст.”
Паводле псыхоляґаў, асноўная прычына гэтай праблемы — эґацэнтрызм:
“Людзі часта думаюць, што эмоцыя ці тон іх паведамленьня ёсьць відавочным, бо яны “чуюць” свой унутраны голас, які прамаўляе тэкст імэйлу з адпаведнай інтанацыяй”, — тлумачыць доктар Эплі. — “У той-жа час людзі, якія чытаюць гэты імэйл, падсьвядома ўспрымаюць настрой і тон ліста вельмі па-рознаму ў залежнасьці ад свайго бягучага настрою, стэрэатыпаў і чаканьняў”. (Падбрабязьней па-ангельску)
Гэтая тэорыя вельмі добра тлумачыць мой апошні вялікі флэйм, з-за якога я страціў аднаго добрага онлайн-прыяцеля зь Вільні. Баявыя комэнты, якія я пісаў у вясёлым саркастычным настроі, успрымаліся ім цалкам сур’ёзна, і таму гучалі ў ягонай галаве вельмі пагрозьліва і нэґатыўна.
Нават смайлікі не заўжды дапамагаюць.

February 13th, 2006 at 10:32 pm
ЗДаецца, што смайлікі ўсё ж дапамагаюць. Калі, канечне, не здаюцца зусім не дарэчнымі ;)