“Чаму Аляксандар Лукашэнка прайграе”

“Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі нельга лічыць свабоднымі. Падобна, як гэта было ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы да падзеньня жалезнай заслоны, беларускія грамадзяне ня маюць рэальнай магчымасьці свабодна вырашаць сваю будучыню. Аўтарытарная ўлада прэзыдэнта Лукашэнкі кантралюе ўсе сродкі масавай інфармацыі і эканоміку; дзяржава як галоўны працадаўца дае зразумець людзям, які вынік будзе на выбарах.

Сытуацыя ня надта адрозьніваецца ад той, што была ў Польшчы ці Чэхаславаччыне 70-80-х гадоў, і дакладна як тады, сёньняшнія праблемы ў Беларусі могуць падацца невырашальнымі ці нават безнадзейнымі. І нягледзячы на ўсё больш жорсткія пакараньні за кожную адкрытую праяву свабоднай волі ўсё ж мацнее прага да годнага грамадзянскага жыцьця і будучыні ў свабоднай дэмакратычнай Беларусі – прававой дзяржаве, у якой будуць шанавацца правы чалавека і грамадзяніна. Толькі гэтым можна патлумачыць тое, што, нягледзячы на розьніцу ў поглядах і ідэалёгіі, кансэрватары, сацыялісты, лібэралы, апазыцыйныя камуністы ды дзясяткі перасьледаваных і забароненых няўрадавых арганізацый – аб’ядналіся ва ўплывовую дэмакратычную кааліцыю.

Асаблівым посьпехам ёсць і давер апазыцыйнаму лідэру Аляксандру Мілінкевічу, які зьяўляецца ня толькі паважанай асобай, здольнай прывесьці Беларусь да дэмакратычных выбараў, але і сапраўдным палітыкам эўрапейскай велічыні. Без сумневу — ён заслугоўвае міжнароднай падтрымкі ды мусіць разглядацца і прымацца як прадэмакратычны прадстаўнік Беларусі.

Вольны сьвет мусіць прыслухоўвацца да просьбаў беларусаў, ідзе гутарка пра дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій, падтрымку свабоднага пашырэньня інфармацыі ці пра адмену консульскіх збораў за візы ды заснаваньне стыпэндый, якія б разьмяркоўваліся незалежна ад беларускіх уладаў. Гэта ўсё можа выразна дапамагчы разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Лукашэнкаўскі аўтарытарны рэжым ня можа бясконца супрацьстаяць мацнеючай грамадзянскай самасьвядомасці. Калі Эўрапейскі Зьвяз будзе здольным яе эфэктыўна падтрымаць, то і апошні недэмакратычны рэжым на ягонай мяжы разваліцца так хутка, як калісьці разваліліся рэжымы камуністычныя. А чым мацнейшай будзе прадэмакратычная апазыцыя, тым менш балючым ды цяжкім будзе і пераход да дэмакратыі ды трансфармацыя ў грамадзтве.”

Вацлаў Гавэл
Лех Валэнса

Leave a Reply