За дзень да Дня Волі
А другой гадзіне ночы я ўжо зьбіраўся сыходзіць з офісу, калі прыйшла другая зьмена. “Як там у Менску?” — пытаецца Ш. “Усё ціха”, — адказваю я, пазяхаючы, павольна апранаю куртку. Раздаецца званок — “Ало”. М. з Кастрычніцкай плошчы — “Набяры мяне. Спэцназ рыхтуецца да штурму”.
А шостай раніцы я выйшаў з будынку, на золку. Першы раз убачыў праскі сьвітанак — цёмнасіняе неба з ружовымі барвамі на Ўсходзе. Пакуль ішоў дахаты, ужо наступіў новы дзень. Зараз з вакна гляджу на чысты-чысты блакіт неба; бачу першыя промні сонца; удыхаю сьвежае і халоднае сакавіцкае паветра; адчуваю ўпэўненасьць у нашай будучыні. Гэта наш новы дзень.
Я ведаю, што праўда пераможа. У Беларусі будзе свабода. Ілжывая і трусьлівая савецкая поскудзь сыйдзе з нашай зямлі. Сёньня яна падпісала сабе сьмяротны прысуд.

March 24th, 2006 at 10:45 am
твои б слова да богу в уши..
PS. настрой пожалуйста так чтоб в RSS приходил полностью весь пост, а не толькой первый его абзац.