Размазаны па асфальце

А другой гадзіне ночы, ідучы дахаты, стаў сьведкам здарэньня. На праежджай частцы дарогі ля “Макдональдса” на Вацлавяку (той, што наверсе, каля Каня) ляжаў малады чалавек.

Вакол яго стаялі нахіліўшыся тры паліцыянты, побач — дзьве паліцэйскія машыны з уключанымі мігалкамі. Хлопец ня страціў прытомнасьці, нешта ціха казаў паліцэйскаму, ледзь варушыў губамі. З рота ішла кроў. Цела ляжала на асфальце ў страшнай, ненатуральнай позе. Зьяўлялася нават адчуваньне, што ў яго перакручаныя ўсе косткі.

Апрача паліцэйскіх машынаў ніякіх іншых машынаў на месцы здарэньня не было, значыць той, хто зьбіў маладога чалавека, уцёк зь месца злачынства.

У 10-15 мэтрах ад яго, каля крыжа чэскім студэнтам, якіх забілі савецкія салдаты ў 1968 годзе, раскіданыя ў радыюсе 10 мэтраў валяліся рэшткі “Біг Маку” і плястыкавы кубак з “Кока-Колай”.

Між волі ўсплылі ў памяці ўчорашнія фатаграфіі з Кастрычніцкай плошчы. 24 сакавіка, 3 гадзіны 35 хвілінаў.

Leave a Reply