Чэскі хакей і прэзыдэнты

Надоечы хадзіў на гакей, фінал чэскага плэй-офу. Гэта падзея нумар адзін у краіне. Нашы хлопцы з праскай “Славіі” (”нашы”, бо бел-чырвона-белыя) біліся насьмерць са спартанцамі зь нейкім румынскім сьцягам (”Спарта”, Прага). Акрамя ўласна мяне на матчы прысутнічалі прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс, чэскі прэм’ер Іржы Пароўбэк, Дызайнэр сучаснай беларускай мовы Б., малады беларускі гісторык Павал і яшчэ 16.180 гледачоў, што стала абсалютным рэкордам наведвальнасьці для “Сазкі-арэны”.
Калі на вялізным экране пад купалам цырка паказалі Вацлава Клаўса, народ выбарачна пачаў сьвісьцець. “Вось бы вам якога лукашэнку, дык вы-б Вацлаву Клаўсу стоячы пляскалі ў далоні, а не асьвіствалі”, — падумаў я.
А праз хвілінкі дзьве ў кадры паказалі і прэм’ера Парубка на VIP-трыбуне. От тут заля сапраўды засьцівісьцела так, аж вушы заклала. Парубэк толькі паціснуў плячыма, а рэжысэр пераключыўся на іншую камэру. “Усё пазнаецца ў параўнаньні”, падумалася мне. Клаўса, відаць, асьвісталі дружалюбна, бо “так трэба”. А Парубку напоўніцу выказалі публічнае “фе”.
Дызайнэра Беларускай мовы на экране чамусьці не паказалі.
Дарэчы, калі-б наша бел-чырвона-белая “Славія” ў пятніцу перамагла, дык лік быў-бы 3:3, і сяньня-б быў вырашальны матч. Але лёс склаўся так, што хрусьць і папалам.
Вось такія ў нас хакейныя ўікенды.

April 24th, 2006 at 3:14 pm
Fajna vam tam. Designeru pryvitańnie pieradavaj. :)
April 25th, 2006 at 2:03 pm
ой, я заблытаўся. дык хакей ці гакей?
April 25th, 2006 at 2:10 pm
Нармалізатары клясычнага правапісу не наважыліся замяніць “х” на “г” у гэтым сьвятым слове “хакей”, таму на літаратурнай мове ў абодвух правапісах “хакей”. А “гакей” — гэта моўныя прыколы для стварэньня адпаведнай атмасфэры.
April 25th, 2006 at 2:14 pm
Во што таварышы з “Нашай Нівы” пісалі ў 2000 годзе:
* http://txt.knihi.com/nn/2000/06/19.htm
Справа кадыфікацыі правапісу «тарашкевіцы», як мы спадзяемся (ужо 5 гадоў!), у блізкім часе аформіцца ў канкрэтных выданьнях — зборы правілаў і слоўніку, дзе можна будзе спраўдзіць правапіс англа- ды іншамоўных словаў па-беларуску. Гэтая праца будзе плёнам доўгіх дасьледаваньняў і кансультацыяў карыстальнікаў «тарашкевіцы» ў Беларусі і ў замежжы. Вось жа праблема перадачы ангельскага h была прадметам зацятых спрэчак прадстаўнікоў «мэтраполіі» і эміграцыі. Апошнія цьвердзяць, што «х» у гэтых словах — гэта праява жудаснай русіфікацыі, а тым, хто жыве ў Беларусі, здаецца, што нічога страшнага тут няма. Зрэшты, ангельскаму h дакладна не адпавядае ні (фрыкатыўнае) г, ні х. Гэтыя гукі ўтвараюцца крыху інакш і гучаць больш «шумна», чым «амаль нячутнае прыдыханьне» h. Аднак пасьля доўгіх спрэчак пастаноўлена было пісаць «г», а выбухное g, калі ёсьць магчымасьць, перадаваць адмысловай літарай (ґ). Аднак слова «хакей» не аддалі. Не чапай сьвятое! (А было б «гокі»…)