Настасься Якімава

June 2nd, 2006

Часам бываюць геаграфічныя “памылкі” і ў наш бок. Сяньня многіх беларускіх аматараў спорту вельмі парадваў пранцускі “Ойрашпорт”:

Бел-чырвона-белы сьцяг цягам усяе трансьляцыі лунаў побач зь імём Настасьсі Якімавай — гэта нешта.

На жаль, я ня змог палядзець усю гульню жыўцом, але ўсё-ж-ткі палядзеў частковы паўтор увечары (паказалі самы напружаны момант — канцоўку другога сэту, ад 5:4 да 5:7). У прынцыпе, яна глядзелася вельмі нават нядрэнна. Цалкам згодны з экспэртным аналізам Андраніка Антаняна (чытаць).

Добрыя навіны для расейскіх імпэрцаў

May 30th, 2006

Добрыя навіны для расейскіх фашыкаў і імпэрцаў. “Sky Europe” (найбуйнейшыя бюджэтныя авіялініі Цэнтральнай Эўропы) і “Новы Сьміхаў” (адзін з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Чэхіі) выказалі поўную і безумоўную падтрымку расейскаму імпэрыялізму:

(мапа цалкам)

“Новая” мапа Эўропы была заўважаная ў інфармацыйным кіёску ля галоўнага ўваходу ў гандлёвы цэнтар “Новы Сьміхаў”, які штодня наведваюць дзясяткі тысяч людзей:

Тая-ж самая мапа намаляваная на іхным сайце novysmichovoc.cz, на старонцы папулярнага конкурсу з раздачай бясплатных авіябілетаў.

Радасныя руSSкія імпэрыялісты могуць дасылаць лісты падзякі ў галоўны офіс Sky Europe праз электронную пошту (contact e-mails).

P.S. In English Sky Europe a Russian Imperialist?

München 1954

May 28th, 2006

Вось жа сяньня зноў натрапіў на гэтую архіўную картачку, праглядаючы фоткі і робячы бэкап на сваім хатнім компе. Гэта надмагільны камень на могілках у Мюнхене, Белая Галяндыя. Нябожчык Леанід (Лявон) Карась — адзін з самых першых супрацоўнікаў Радыё Вызваленьне — быў праўдападобна забіты савецкімі спэцслужбамі, але сьледзтва так і не дало пэўнага канчатковага адказу. Таксама варта адзначыць, што мабыць гэта ўвогуле першы надмагільны камень, зроблены па-беларуску лацінкай, у 20-м стагодзьдзі.

Śv.P.
Leanid Karaś
‡ Dziamidzienki
Biełarus
20·XI·1923
† Múnchen 7·IX·1954
Śpi, pracaŭnik i zmahar
Siabry

Надпіс даволі цікавы. Дзямідзенкі — гэта вёска, дзе нарадзіўся Лявон Карась. Не зусім зразумела, праўда, што за значок стаіць побач з назвай вёскі — такі крыж, як на компасе (падобны да ружы вятроў), а пад ёй нахіленая рысачка. Варта адзначыць яшчэ адну дзіўную каліграфічную асаблівасьць у назьве нямецкага гораду: Múnchen, замест München. Таксама трошкі дзіўна, чаму Biełarus, а не Biełaruś, без пазнакі мяккасьці? А прысьвячэньне ад сяброў таксама выклікае пытаньне: чаму менавіта “працаўнік”, няўжо не знайшлося лепшых словаў да забітага паплечніка?

Сяргей Шупа пісаў пра яго: “Цела Лявона Карася знайшлі ў мюнхенскай рэчцы Ізар у верасьні 1954-га, праз паўгоду пасьля выхаду першай перадачы ў эфір. Лявон Карась – першая, але не апошняя ахвяра сярод супрацоўнікаў “Свабоды”, якія пяцьдзясят гадоў былі пад прыцэлам камуністычных спэцслужбаў”.

Міжнародныя арганізацыі

May 23rd, 2006

Старшыня Сусьветнай арганізацыі здароўя памёр ад інсульту ўчора ва ўзросьце ўсяго 61 год. Старшынём МАГАТЭ зьяўляецца іранец, які кажа, што з-за Чарнобыля загінула 35 чалавек, а Іран будзе ўжываць атам толькі ў мірных мэтах. Амэрыканскі амбасадар у ААН быў пасланы ў ААН пасьля таго, як заявіў, што яго галоўная мэта — зьнішчыць ААН…

Ваша стратэґія бэкапу

May 21st, 2006

Я мушу прызнацца, што ніколі ў жыцьці не карыстаўся сафтвэрам для бэкапу (рэзэрвовага капіяваньня дадзеных) на хатнім кампутары. На маіх працах заўсёды існавала цэнтралізаваная прадуманая сыстэма бэкап, а ўдома я проста ведаў, у якіх тэчках знаходзяцца патрэбныя мне дадзеныя (тут — асабістыя і блоґавыя чарнавікі, там — праграмы, тут — музыка і відэа, там — мае фотаздымкі і г.д.), і ўручную капіяваў іх на цэдэчкі (а цяпер на DVD-дыскі) раз на 2-3 месяцы.

Цяпер-жа тэчка “My Documents” мае 110,000 файлаў, якія займаюць 14 ґіґабайт на дыску, тэчка “MP3″ мае памер 15 ґіґа, а тэчка з маімі фоткамі мае ўжо дваццаць тысяч здымкаў (!) і займае 16 ґіґабайтаў, таму пры такіх аб’ёмах нулёў і адзінак можна заблытацца, прапусьціць і не скапіяваць нешта важнае. Думаю, насьпеў час нейкім чынам аўтаматызаваць і ўпарадкаваць гэты працэс. Цікава, якія ёсьць добрыя сыстэмы рэзэрвовага капіяваньня і якой сыстэмай карыстаецеся вы? Падзяліцеся сваімі сакрэтамі. :)

ЗЫ. Для тых, хто ў танку, папярэдні допіс пра забойства Мілінкевіча — гэта ня “траўка”, а транскрыпт майго сну, які ўразіў мяне сваёй надзвычайнай рэалістычнасьцю і кагэрэнтнасьцю, і таму я палічыў вартым запісаць яго па памяці, адразу-ж як прачнуўся.

Яны забілі Мілінкевіча

May 20th, 2006

Я выходжу на вуліцу Маякоўскага ў Менску, хачу перайсьці на другі бок да прыпынку тралейбусаў і бачу, што мэтраў за сто ад мяне дарогу пераходзіць Аляксандар Мілінкевіч. Раптоўна з-за чародкі тралейбусаў на хуткасьці 200 км/г выскоквае чорны “BMW” з расейскімі нумарамі і як маланка зрэзае яго. Нібы лялька з пап’е-машэ цела Мілінкевіча пераломваецца, адлятае ўсё пераламанае як зьбітая самалётам птушка.

Таксі побач няма, і я хутка бягу да тралейбуснага прыпынку. У тралейбусе толькі пра гэта і гавораць. Як хваля ад выбуху па салоне тралейбусу ідзе шакуючая навіна: “Яны забілі Мілінкевіча, яны забілі Мілю, забілі Мілю, забілі, забілі…”

Малады чалавек панкаўскага выгляду ня верыць, сьмяецца: “They killed Kenny!”

Удома я хутка ўключаю кампутар і лагінюся ў блог, пішу:

“Расейцы забілі Мілінкевіча”

Ужо праз хвіліну зьяўляецца першы камэнтар, ад Lipkovich‘а, з нумарамі “BMW”, прозьвішчам і адрас расейца, на якога зарэгістраваны аўтамабіль: “Кузнецов А.И., Москва, …, 095-…” Ліпковіч робіць у сваім ЖЖ надпіс на паўэкрана, мэгашрыфтом:

“руССкие свиньи убили Милинкевича”

Праз хвіліну мне прыходзіць яшчэ адзін камэнтар: зь імёнамі замоўцаў і лінкамі на mp3 з размовамі. Як вынікае з аўдыё, арганізацыяй забойства займаўся Павел Барадзін, сакрытутка гэтак званай “саюзнай” дзяржавы…

Пакуль я слухаю mp3 мой блог закідалі дзясяткамі комэнтаў – падышлі расейскія ПОЦтрыёты з ЖЖ. Комэнты ўва ўсіх амаль аднолькавыя: “Сьмерць бульбашам. Забілі Мілю, заб’ем і вас! Белоруссия будет нашей.” І фоты дохлых мышэй ды пацукоў. А пад здымкамі пацукоў подпіс:

“Меня интерисуют только мыши
их стоимость и где преобрести”

Расейскі сэктар ЖЖ пачынае бурна радвацца з нагоды забойства…

…Я прачынаюся ў сваёй спальні ў Празе, іду на кампутара і даведваюся, што сёньня ў Віцебску памёр Плешчанка, а Мілінкевіч кладзецца ў шпіталь.

Дзяўчынка з Тайваню

May 19th, 2006

Да нас у госьці прыехала Мінг Чэнг, кітаянка з Тайваню (тайванька? тайванка?), якая ў асьпірантуры вывучае нямецкую філязофію ў Франкфурце-на-Майне, дзе мы калісь і пазнаёміліся. Цікава зь ёй размаўляць: часам ёсьць адчуваньне ідэальнага ўзаемаразуменьня на ўсіх узроўнях, а часам зьяўляецца адчуваньне, што яна зь іншай плянэты і ёй ніколі не зразумець нашу эўрапейскую цывілізацыю (а нам — іхную). Але прынамсі, у пляне беларускай незалежнасьці як грамадзянка Тайваню яна мяне, здаецца, зразумела выдатна…

Яны цяпер з жонкай гатуюць нейкую тайваньскую страву. На стале ляжыць кніжка, якая называецца 布拉格 (Пу-Ла-Ґе).

ЗЫ. Бессэнсоўная нумэралёґія: на фотаблоґу здымкі’23 сяньня было роўна 123 здымкі, 4567 наведнікі.

“Плахія” відэакамэры

May 16th, 2006

Стась, праграміст з Ізраілю, парадваў навіной з Брытанскіх выспаў:

У Вялікай Брытаніі відэакамэры заўважаны ў праявах расізму (Times): 46 % арыштаваных за злачынствы, зьвязаныя з аўтамабілямі, чорнаскурыя, што ў чатыры разы больш за долю цёмнаскурых у насельніцтве. Цікава, як відэакамэры прымусяць датрымвацца паліткарэктнасьці? Да лекцыяў пра мульцікульціралізм яны наўрад ці ўспрымальныя, а ў суд за дыскрымінацыю на іх не падасі. Відавочна, прыйдзецца або зусім адключыць іх, або прымусіць паліцыянтаў, каб тыя лічылі працэнтную норму, і калі ліміт за месяц перавышаны — адпускаць злачынцаў зь мірам — маўляў, “прыяжджай да нас у наступным месяцы, браthа, бо ў гэтым месяцы мы ўжо норму налавілі”.

positive feedback

May 11th, 2006

Па статыстыцы англамоўныя старонкі гэтага блогу чытаюцца амаль на парадак больш і адпаведна атрымваюць больш камэнтароў, у тым ліку вельмі цікавых і глыбокіх камэнтароў ад зусім незнаёмых людзей, якія выходзяць на мой блог праз Гугл, Тэхнараці ці спасылкі зь іншых блогаў. На падсьвядомым узроўні ў мяне пэўна спрацоўвае “пазытыўная зваротная сувязь” (positive feedback), бо я заўважыў, што пры зьяўленьні нейкай ідэйкі ці пры жаданьні падзяліцца якімсьці лінкам ці тэксьцікам, звычайна ў першую чаргу адчыняю англамоўную старонку. Гэта не схаваны заклік тыпу publicity whore да беларускіх чытачоў, а папросту канстатацыя факту моўнага перакосу…

Сёньня хадзілі ў “Злату Гвезду” глядзець матч Беларусь — Казахстан. Чырвонае віно “Франкоўка”, два бел-чырвона-белыя сьцягі, тузін тутэйшых беларусаў і яркая перамога над казахамі зь лікам 7:1 кардынальна ўзьнялі настрой.

Было таксама дужа прыемна пабачыцца з адным старым “віртуальным” знаёмым, які калісь даўно ў падарунак перадаў мне некалькі цікавых фільмаў у .mpeg. Як я зразумёў, ён канчаткова стаміўся ад саўковай лукашэнкаўскай рэальнасьці, і таму ўцёк у Чэхію. Ён сказаў, што ўжо атрымаў статус уцекача ды чэскія дакумэнты і цяпер можа вольна езьдзіць па ўсёй Эўропе безь ніякіх візаў. Кажа, што ўдзень прадае карціны, а ўначы працуе над праграмісцкімі праектамі…

Адказ “Бі-Бі-Сі” пра беларускую мову

May 8th, 2006

Я нядаўна пісаў, што брытанскі міністар па справах Эўропы Дуглас Александэр падчас дэбатаў у брытанскім парлямэнце даў зразумець, што “Бі-Бі-Сі” на беларускай мове не было, няма, ня будзе і не плянуецца. Адзін з брытанцаў, які чытае мой англамоўны блог, быў абураны гэтакай пазыцыяй ураду Вялікай Брытаніі і накіраваў адпаведны запыт міністру. Ліст быў перакіраваны з канцылярыі міністра ў офіс “Бі-Бі-Сі”, і вось-жа некалькі дзён таму брытанскі блогер атрымаў афіцыйны адказ ад “Бі-Бі-Сі” пра перадачы на беларускай мове:

Дарагі містэр Макдаф,

Дзякуй за Ваш ліст ад 20 красавіка на адрас міністра Дугласа Александэра што датычыць перадачаў на беларускай мове. Ваш ліст быў перададзены ў адпаведны аддзел “Бі-Бі-Сі”, які займаецца справамі Беларусі. Мяне папрасілі напісаць Вам адказ.

“BBC World Service” перадае ў Беларусь на расейскай, украінскай і ангельскай мовах праз кароткахвалёвыя перадатчыкі. Ключавая праблема, перад якой стаіць “Бі-Бі-Сі” ў Беларусі, гэта практычнасьць у дасягненьні сваёй аўдыторыі. Кароткахвалёвая перадача сыгналу ня так добра прымаецца ў некаторых рэгіёнах у адрозьненьні ад перадачаў на FM, якія перадаюцца лякальна і маюць моцны сыгнал. У ідэале “Бі-Бі-Сі” хацела-б працаваць з партнэрамі ў FM-дыяпазоне, каб дастаўляць свой прадукт у Беларусь, але мэдыйны рынак у Беларусі шчыльна кантралюецца і рэгулюецца. Беручы пад увагу бягучую палітычную сытуацыю, у “Бі-Бі-Сі” як і ў іншых заходніх СМІ няма магчымасьці патрапіць у FM дыяпазон унутры краіны. Такім чынам, “Бі-Бі-Сі” абмяжоўваецца прапановай на кароткіх хвалях на рынку, які ў асноўным дамінуецца FM радыёстанцыямі. Мы ня маем інфармацыі пра глушэньне сыгналу.

Некалькі разоў у апошнія гады кампанія “Бі-Бі-Сі” вывучала магчымасьць спэцыяльных перадачаў для Беларусі. Праблема, зьвязаная з дастаўкай прадукту ў рэгіён, заставалася ключавой праблемай, якая перашкаджае нам. “BBC World Service” даступная праз Інтэрнэт, але зноў-жа, доступ у Беларусі складаны, паколькі ўзровень карыстаньня Інтэрнэтам у дамах нізкі. Доступ да Інтэрнэту магчымы пераважна з працоўнага месца і інтэрнэт-кавярняў.

З павагай,
Даніэл Марзокі

Вот такія дзялы. Арыгінал пісулькі па-ангельску тут.